BE RU EN

Падазраваны ў налёце на ювелірную краму ў Мінску спрабаваў з’ехаць у Санкт-Пецярбург

  • 24.08.2026, 13:12

Кошт выкрадзеных упрыгожванняў перавышае 400 тысяч рублёў.

Падазраванага ў разбойным нападзе на ювелірную краму у Мінску затрымалі ў рэйсавым аўтобусе, які накіроўваўся ў расійскі Санкт-Пецярбург. Пра гэта 24 жніўня паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Аляксандр Копішаў.

Налёт на ювелірную краму, размешчаную ў будынку № 155 на сталічным праспекце Незалежнасці, мужчына здзейсніў 21 жніўня. Пасля нападу ён пераапрануўся на гарышчы аднаго з дамоў на вуліцы Каліновскага і знік. Аператыўнікі праверылі шматпавярхоўку і знайшлі там красоўкі, медыцынскую маску, сумку ў клетку, а таксама спартыўную сумку, у якой ляжалі каробкі і падстаўкі ад ювелірных вырабаў.

Эксперты даследавалі маску і вызначылі генатып падазраванага. Яны праверылі яго па базе ДНК і знайшлі супадзенне з 34-гадовым мінчанінам, які раней праблем з законам не меў.

«Была атрымана інфармацыя, што ён (падазраваны) ужо перамяшчаецца ў аўтобусе па маршруце Мінск — Санкт-Пецярбург», — адзначыў Аляксандр Копішаў.

Ён дадаў, што аператыўнікі не выключалі, што фігурант можа мець пры сабе зброю.

«Каб пазбегнуць прычынення шкоды жыццю і здароўю пасажыраў аўтобуса, каб пазбегнуць спроб захопу закладнікаў, міністр унутраных спраў прыняў рашэнне аб фізічным затрыманні злачынцы супрацоўнікамі спецыяльнага падраздзялення «Алмаз», — распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі.

Аляксандр Копішаў дадаў, што байцы «Алмаза» затрымалі фігуранта ў аўтобусе на тэрыторыі Аршанскага раёна. Яны дзейнічалі так, каб не дастаўляць «якіх-небудзь нязручнасцяў пасажырам», удакладніў спікер.

Пасля затрымання падазраванага аўтобус накіраваўся далей па маршруце.

«У злачынцы выяўлена сумка. У сумцы знаходзіліся ўсе выкрадзеныя ювелірныя вырабы, а таксама пры сабе злачынец меў нож. Пасля затрымання злачынец быў дастаўлены ў Мінск, перададзены супрацоўнікам Следчага камітэта», — дадаў Аляксандр Копішаў.

У дачыненні да мужчыны ўзбудзілі крымінальную справу за разбой. Аператыўнікі высветлілі, што апошнія два гады фігурант знаходзіўся ў Маскве. У Беларусь ён прыехаў у маі 2026 года. У нашай краіне ён «нічым не займаўся, нідзе не быў працаўладкаваны і ўвесь гэты час выношваў намер учыніць злачынства». Мінская крама на праспекце Незалежнасці была адным з двух аб’ектаў, якія падазраваны разглядаў для нападу.

Кошт выкрадзеных ювелірных вырабаў усталёўваецца. Папярэдне ён перавышае 400 тысяч рублёў.

Апошнія навіны