BE RU EN

Мазырскі НПЗ рыхтуецца да рэканструкцыі сваёй самай дарагой устаноўкі

  • 25.08.2026, 11:52

Толькі за праект сума касмічная.

Пасля таго, як на тле праблем з нафтаперапрацоўкай у РФ паказчыкі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода палепшыліся, прадпрыемства ўзялося за актыўнае абнаўленне абсталявання і інфраструктуры, намеціўшы шэраг буйных рамонтаў.

Адзін з самых дарагіх — рэканструкцыя камбінаванай устаноўкі каталітычнага крэкінгу. Як адзначыў «Флагшток», Мазырскі НПЗ мае намер правесці закуп перадпраектнай і праектнай дакументацыі па гэтым аб’екце. Толькі за распрацоўку складанай дакументацыі прадпрыемства гатова заплаціць з уласных сродкаў 6 млн 750 тыс. рублёў (больш за 2,2 млн долараў).

Выканаўца павінен распрацаваць перадпраектную і праектную дакументацыю на працягу двух гадоў, а датай пачатку будаўніцтва пазначаны сакавік 2029 года.

Зыходзячы з дакументацыі закупкі, галоўная тэхналагічная мэта рэканструкцыі ўстаноўкі — павялічыць утрыманне прапілену ў ППФ за кошт зніжэння яго страт з сухім газам. Прадбачваецца рэканструкцыя блокаў папярэдняй стабілізацыі бензіну і фракцыянавання С3/С4. Пасля рэканструкцыі ўтрыманне прапілену ў сухім газе павінна зменшыцца.

У складзе работ прадугледжаны новае тэхналагічнае абсталяванне, трубаправоды, кабельная прадукцыя, КІПіА і аўтаматызацыя, а таксама дэмантаж часткі існуючага абсталявання і будаўнічыя ўзмацненні.

Устаноўку каталітычнага крэкінгу на Мазырскім НПЗ з пампай увялі ў 2004 годзе. Тады яе называлі «шляхам да еўрапейскай якасці», і на той час гэта быў адзін з найбуйнейшых інвестыцыйных праектаў, рэалізаваных у Беларусі. Афіцыйна паведамлялася, што кошт будаўніцтва ўстаноўкі складаў каля 87 млн долараў, а ўсяго комплексу ў цэлым (ён уключае 15 аб’ектаў) — 147 млн долараў.

Устаноўка каталітычнага крэкінгу разлічана на перапрацоўку 2 млн тон сыравіны ў год, з выпусканнем высокаактанаванага аўтабензіну і звадкаванага газу.

Гэта ўстаноўка гарэла ў 2023 годзе, калі адбылося маштабнае загаранне калоны. Але больш праблем заводу дастаўляла іншая ўстаноўка — гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў, якая цягам года гарэла пяць разоў.

Апошнія навіны