Мінчанка паверыла махлярам і аддала ім усе зберажанні «на экспертызу»
- 25.08.2026, 12:50
Грошы яна пакінула пад яблыняй.
47‑гадовая мінчанка паверыла тэлефонным махлярам і аддала ім усе зберажанні «на экспертызу», піша адзін з тэлеграм-каналаў сілавікоў.
Спачатку ёй патэлефанавалі ў «Вайбер» ад імя супрацоўнікаў «Белпошты», сказалі, што ёй неабходна атрымаць заказны ліст, а для гэтага трэба назваць код са SMS.
Пасля гэтага ёй патэлефанавала «супрацоўніца службы кібербяспекі». Яна сказала, што персанальныя даныя мінчанкі апынуліся ў зламыснікаў, якія ад яе імя пералічваюць грошы «ў падтрымку ваенных дзеянняў», і цяпер за гэта на яе заведуць крымінальную справу паводле артыкула аб дзяржаўнай здрадзе.
Далей ашуканцы пераканалі мінчанку напісаць распіску, пералічыць на камеру ўсе грошы, што былі дома, і перадаць іх на «экспертызу», каб наяўныя не забралі падчас вобыску, які, паводле іх слоў, мусіў неўзабаве адбыцца ў кватэры.
Жанчына адвезла грошы па ўказаных каардынатах і пакінула іх пад яблыняй у Мінскім раёне.
Але і на гэтым махляры не спыніліся. Яны заявілі, што на імя мінчанкі афармляюцца крэдыты, і прапанавалі ёй самой узяць пазыку, каб не даць зламыснікам атрымаць грошы.
Праз некалькі гадзін пасля выканання ўсіх дзеянняў па ўказанні махляроў жанчына зразумела, што стала ахвярай падману. Яна страціла 140 000 рублёў.