Лукашэнка сам становіцца «чорнай меткай»
- 25.08.2026, 14:18
Усе дыктатары, з якімі ён сябраваў, дрэнна заканчвалі.
Апошнім часам да Лукашэнкі пачасцілі прадстаўнікі самых адыёзных рэжымаў. Беларусь наведаў кіраўнік ваеннай хунты М’янмы Мін Аун Хлаін, а следам за ім прыехала дэлегацыя «Талібана» з Афганістана.
Чаму да Лукашэнкі апошнім часам едуць такія ізгоі, як дыктатар М’янмы і прадстаўнікі «Талібана»? Пра што гэта сведчыць?
Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з экс-палітвязнем, каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Войнічам:
— Тут усё вельмі проста. Краіны свету, як людзі ў Індыі, груба кажучы, падзяляюцца на касты. Ёсць краіны першага свету, другога, трэцяга, ёсць, адпаведна, самая нізкая каста — сусветныя шудры, то бок ізгоі.
Лукашэнка і рэжым Лукашэнкі належаць менавіта да шудраў. Гэта рэжым-ізгой, чалавек-ізгой, дыктатар-ізгой, краіна-ізгой і гэтак далей. Адпаведна, паколькі ў грамадства нармальных людзей, умоўных брамінаў, іх не пускаюць, ім даводзіцца кантактаваць і мець зносіны паміж сабой на ўсіх узроўнях.
Калі браць рэжым М’янмы, дык ён вельмі падобны да беларускага. Ён таксама знаходзіцца ў даволі сур’ёзнай ізаляцыі, і яму трэба неяк нечым гандляваць, бо эканоміка М’янмы знаходзіцца ў такой жа глыбокай прапасці, як і эканоміка Беларусі.
Што могуць прапанаваць м’янманцы? Перш за ўсё, яны могуць прапанаваць працоўную сілу, якой так не стае Лукашэнку. Не факт, вядома, але верагоднасць гэтага вельмі вялікая.
Што да «Талібана», дык у яго цяпер, як у рэжыму, што кіруе ў Афганістане, таксама вельмі вялікія праблемы. Па-першае, эканоміка знаходзіцца ў вельмі моцным заняпадзе. Па-другое, працягваюцца пастаянныя канфлікты з Пакістанам, нарастае ўнутранае незадавальненне і актывізуецца апазіцыя. Таму «Талібану», як і Лукашэнку, трэба хоць неяк паказаць, што яны не з’яўляюцца ізгоямі: вось, паглядзіце, з намі лічацца, з намі кантактуюць.
Гэта ўзаемавыгадны піяр і для Лукашэнкі, і для «Талібана». Лукашэнка заяўляе: вось, мяне паважаюць, да мяне прыязджаюць, са мной лічацца, хочуць са мной гандляваць. Тое самае, хутчэй за ўсё, кажа «Талібан» у Афганістане.
— Чым могуць абярнуцца для Беларусі сувязі з «Талібанам»?
— Ну, насамрэч, нічым большым, акрамя іміджавага ўдару. Гэта чарговы раз паказвае ўсяму свету, што Лукашэнка — ізгой, што ён мае зносіны не проста з ізгоямі, а з ізгоямі з ізгояў.
То-бок ён нават сваё дыктатарскае дно ўжо прабіў. Як кажуць, скажыце, хто ваш сябра, і я скажу, хто вы. Падобнае цягнецца да падобнага. Лукашэнка — такі ж тэрарыст. У Лукашэнкі, у прынцыпе, такі ж рэжым, як у «Талібана», толькі не на жорсткай рэлігійнай глебе. Знешне ён больш еўрапеізаваны. Насамрэч розніца невялікая: тыя ж рэпрэсіі і гэтак далей, толькі казняў меней.
Чым гэта можа абярнуцца? Тым, што рэйтынг Лукашэнкі ў вачах сусветнай супольнасці проста паляціць у тартарары, і на ім паставяць яшчэ адну пазнаку. Пры гэтым вельмі складана сказаць, што менавіта можа прапанаваць «Талібан», хоць Афганістан даволі багаты на рэсурсы, і што, у сваю чаргу, можа прапанаваць Лукашэнка.
Лукашэнка, як вядома, дастаткова даўно гандлюе зброяй. Вельмі часта ён гандлюе ёю па шэрых схемах. Магчыма, ён будзе пастаўляць зброю ў Афганістан, таму што «Талібану» патрэбная зброя, бо там наспяваюць канфлікты.
І калі гэтая зброя будзе выкарыстана, напрыклад, супраць амерыканцаў або пакістанцаў, а Лукашэнка, дарэчы, дэманстратыўна сябруе і з Пакістанам, думаю, ў Ісламабада ўзнікнуць пытанні: адкуль беларуская зброя з’явілася ў «Талібана»?
Лукашэнка, у прынцыпе, зноў спрабуе сядзець на двух крэслах. І калі ён на іх ёрзае, гэтыя крэслы раз’язджаюцца. Такім чынам ён можа ўпаць між імі і даволі гучна пляснуцца на задніцу, зламаўшы сабе хвасцец.
Для Беларусі гэта, з аднаго боку, вядома, дрэнна, таму што рэйтынг цяперашняй Беларусі як краіны будзе падаць. А для Беларусі ў перспектыве гэта добра, таму што рэйтынг цяперашняй, лукашэнкаўскай Беларусі будзе падаць. Адпаведна, акно магчымасцяў, магчыма, з’явіцца хутчэй. А дзякуючы таму, што Лукашэнка не ўтрымаецца на гэтых крэслах, яно будзе шырэй.
— З якім яшчэ з адыёзных рэжымаў можа зблізіцца Лукашэнка? Ці можа хтосьці з падобных візіцёраў стаць чорнай меткай для дыктатара?
— Лукашэнка можа сустрэцца абсалютна з любым ізгоем. Няма ніякіх перашкод для такіх бяспрынцыповых і прагных да ўлады і грошай людзей, як Лукашэнка і іншыя дыктатары. Яшчэ раз паўтару: яны вымушаныя падтрымліваць адзін аднаго, кантактаваць на любых узроўнях.
Таму абсалютна любы дыктатар — сябра Лукашэнкі. Чым больш крывавы, тым для Лукашэнкі лепш. Як прыклад з гісторыі: усе памятаем, як Брэжнеў і іншыя генсекі Савецкага Саюза цалаваліся ў дзёсны з афрыканскімі людаедамі і іншай нечысцю.
Што да сяброў Лукашэнкі, то для іншых дыктатараў ён, мне падаецца, сам становіцца чорнай меткай. Бо калі паглядзець на ўсіх яго сяброў, дык усе, хто з ім цалаваўся, абдымаўся і ціснуў яму руку, сканчвалі дрэнна. Гэты спіс, насамрэч, можна складаць ледзь не па календары. Гэта і Мадура, і Асад, і Кадафі, і Хусэйн. Амаль усе яны сканчвалі дрэнна.
З Кубай Лукашэнка наладжваў адносіны — цяпер у Кубы праблемы. Пералічваць, паўтараю, можна доўга. Чым агіднейшы рэжым у краіне, дзе кіруе вождзь, тым большая верагоднасць таго, што ён стане сябрам Лукашэнкі. Бо Лукашэнка сам — тупы, жадны, бяспрынцыпны вождзь-узурпатар.