Жыхар Баранавіч распавёў пра булінг у мясцовай гімназіі
- 25.08.2026, 16:15
Звароты ў міліцыю не дапамаглі.
Жыхар Баранавіч rusan_family распавёў у Threads пра пераслед, якому падвяргаецца яго брат у гарадской гімназіі №4.
«Майго малодшага брата ўжо два гады цкуюць у 4-й гімназіі Баранавіч, — піша ён. — Паходы і заявы ў пастарунак, лісты ў вышэйшыя інстанцыі, суды, псіхатэрапеўты — усё марна. Куды і да каго звяртацца, каб нарэшце аднавіць справядлівасць?»
Таксама аўтар допісу апублікаваў фота сінякоў на целе свайго брата.
Карыстальнікі сацсеткі параілі перавесці дзіця ў іншую школу і дамагацца пакарання вінаватых. Сайт Charter97.org прыводзіць найбольш папулярныя каментары пад допісам:
- Перавядзіце дзіця ў іншую школу! А потым даводзьце гэтыя разборкі да канца. Выцягніце дзіця з гэтага — першачарговая задача!
- Майго сына цкавалі ў школе не толькі дзеці, але і іх бацькі, праз месяц я перавяла яго ў іншую школу. Змагацца з гэтым, на жаль, бессэнсоўна, не мучыце дзіця, пазбаўце яго ад неабходнасці трываць здзекі малалетніх вырадкаў.
- У нас так было ў школе ў Мінску. Нічога не дапамагло. Ні сустрэчы з бацькамі, ні зварот у міліцыю нават з відэа, дзе ўсё паказана). Адміністрацыя школы ў выніку прымусіла маё дзіця прасіць прабачэння. А сацыяльны педагог увогуле чамусьці стаў на бок крыўдзіцеля. Пасля гэтага не веру ні ў якую праўду і справядлівасць.
- Нядаўна ж быў выпадак давядзення да самагубства ў Брэсце! Бацькі і сястра просяць аб дапамозе, а адбываецца беззаконне!
- Чалавечы фактар вырашае ўсё! Мяне таксама ў школе жорстка булілі аднакласнікі-хлопчыкі за тое, што мяне адна мама выхоўвае, і мы бедныя, і нічога ім не зможам зрабіць, а калі паскардзішся, то ты — стукачка і ябеда. Настаўнікі ніяк не ўмешваліся.