SpaceX пабудуе гіганцкі касмадром у Луізіяне за $100 млрд
- 25.08.2026, 20:40
Гэта найбуйнейшы па аб’ёме пакет інвестыцый у гісторыі штата.
Кампанія SpaceX абвясціла пра будаўніцтва ў штаце Луізіяна новага велізарнага касмадрома. На будаўніцтва аб’екта, які атрымаў назву Starbase Louisiana і стане ўжо пятым касмадромам SpaceX, будзе выдаткавана $100 млрд. Адпаведную дамову кіраўніцтва SpaceX падпісала з губернатарам Луізіяны Джэфам Лэндры. Гэта найбуйнейшы па аб’ёме пакет інвестыцый у гісторыі штата.
Будаўніцтва касмадрома плануецца пачаць у 2027 годзе. Першы выпрабавальны запуск з яго можа быць выкананы ўжо ў 2029 годзе, а поўнамаштабны ўвод у эксплуатацыю запланаваны на 2030-ы. На тэрыторыі касмадрома размесцяцца пяць стартовых комплексаў, заводы па вытворчасці ракетнага паліва, электрастанцыі, глыбакаводны порт для дастаўкі абсталявання суднамі, аэрапорт, жылыя кварталы для супрацоўнікаў і іх сем’яў.
У SpaceX адзначаюць, што Starbase Louisiana разлічаны на запускі звышцяжкай ракеты Starship і з’яўленне пляцоўкі будзе спрыяць дасягненню мэты — «тысяча запускоў Starship у год». Гэта, як падкрэсліваюць у SpaceX, дазволіць зрабіць касмічныя падарожжы звычайнай справай, параўнальнай з авіяпералётамі. Яшчэ чатыры касмадромы SpaceX знаходзяцца ў Фларыдзе, Каліфорніі і Тэхасе. З іх толькі тэхаскі кампанія будавала з нуля, астатнія ствараліся на тэрыторыі ўжо існавалых да таго дзяржаўных ваенных і касмічных аб’ектаў.