У Пуціна схлусілі пра мэту візіту дырэктара ЦРУ ў Маскву
- 26.08.2026, 7:42
Версія Крамля разыходзіцца з тым, пра што пісалі сусветныя СМІ.
Учора ў Маскву з неанансаваным візітам прыбыў дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф. У Крамлі ўжо агучылі версію мэты візіту, але яна не супадае з тым, пра што пісалі СМІ.
Пра гэта паведамляе The Washington Post.
На пытанне пра мэту візіту дырэктара ЦРУ прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў паведаміў выданню, што гэта было «налажванне кантактаў паміж службамі бяспекі». Дадатковыя падрабязнасці ён падаць адмовіўся, хоць у каментары ТАСС расказаў, што кантакты кіраўніка ЦРУ з дыктатарам РФ Уладзімірам Пуціным у межах гэтай паездкі не планаваліся.
Пры гэтым WP адзначае, што раней у аўторак Пяскоў заяўляў, што ў Крамля няма інфармацыі пра ваенныя самалёты ЗША, якія прыбылі ў маскоўскі аэрапорт «Внукава». Ён казаў, што расійскі бок не плануе сустракацца з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША на гэтым тыдні.
Таксама выданне піша, што амерыканскі самалёт C-17A Globemaster III, які прыбыў у Маскву, — асноўны цяжкі транспартны самалёт Міністэрства абароны ЗША. Гэты тып самалёта асабліва каштоўны для важных дыпламатычных візітаў, дазваляючы лідарам прывозіць з сабой спецыялізаваную тэхніку, электроннае абсталяванне і дапаможны персанал.
Паводле дадзеных Flightradar24, самалёт C-17A вылецеў з Аб’яднанай базы Эндрус у нядзелю ўвечары, накіроўваючыся ў сталіцу Латвіі, горад Рыгу. Відаць, самалёт знаходзіўся там каля 24 гадзін, пасля чаго ў аўторак раніцай, 25 жніўня, вылецеў у Маскву. У сталіцы РФ C-17A быў ужо пасля 9-й раніцы.
Той жа сэрвіс паказвае, што далей самалёт вылецеў з Масквы прыкладна пасля 17:30 па мясцовым часе і прызямліўся ў Рызе крыху больш чым праз гадзіну. Такім чынам, C-17A знаходзіўся ў Маскве каля васьмі з паловай гадзін.
Што пісалі СМІ пра візіт дырэктара ЦРУ
Крыніца РБК-Украіна паведаміла, што Вашынгтон папрасіў Кіеў не атакаваць Маскву ў бліжэйшыя дні на час візіту амерыканскай дэлегацыі. Суразмоўцы FT удакладнілі, што просьба аб паўзах датычылася перыяду з 24 па 26 жніўня і закранала не толькі Маскву, але і Пецярбург і паўночныя рэгіёны Расіі.
Паводле слоў крыніцы РБК-Украіна, пасля сустрэчы амерыканцы паабяцалі вярнуцца з дэталямі.
Тым часам The Wall Street Journal пісала, што ЗША атрымалі разведданыя пра раннюю падрыхтоўку Расіі да мабілізацыі і пра планы «праверыць рашучасць НАТА». Аналітыкі сказалі выданню, што гэты візіт — папярэджанне Маскве не рабіць такі крок.
Таксама шэраг СМІ дапускаў, што дырэктар ЦРУ нібыта абмеркуе ў Маскве ўзаемнае спыненне удараў па энергетыцы і партах Украіны і Расіі, а таксама спыненне агню ў Сумскай і Харкаўскай абласцях як крокі да агульнай дэскалацыі і перспектывы заканчэння вайны.
Варта дадаць, што апошні вядомы візіт дырэктара ЦРУ ў Маскву адбыўся ў лістападзе 2021 года, калі Уільям Бёрнс, які ўзначальваў агенцтва пры прэзідэнце Джо Байдэне, папярэдзіў дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна і яго найбліжэйшых памочнікаў ад нападу на Украіну і падрабязна растлумачыў, да чаго гэта прывядзе. Пасля, як вядома, Масква пачала поўнамаштабнае ўварванне на працягу некалькіх тыдняў.