У Беларусі з’явіліся «бездакорна фальшывыя» долары
- 26.08.2026, 9:54
Фальшыўку «класу люкс» выявілі ў Віцебску.
«Бездакорную фальшыўку» прынесла ў адзін з банкаў Віцебска жыхарка абласнога цэнтра, паведамілі у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз (ДКСЭ).
Жанчына паспрабавала абмяняць падробку ў абменным пункце. Супрацоўнік фінансавай установы засумняваўся ў сапраўднасці банкноты і выклікаў міліцыю. Купюру забралі і накіравалі на экспертызу.
Спецыялісты пацвердзілі — банкнота падробленая. Для яе вырабу выкарыстоўвалася абсталяванне, якое дазваляе наносіць выяву пры дапамозе глыбокага друку (металаграфіі). Як адзначылі ў ДКСЭ, гэта «надзвычай складаная тэхналогія, якая выкарыстоўваецца дзяржаўнымі манетнымі дварамі», пры якой «фарба пад высокім ціскам пераносіцца са спецыяльных металічных пласцінаў-клішэ на паперу, утвараючы рэльеф, адчувальны пальцамі».
«Нягледзячы на бездакорнасць выканання падробкі, экспертнае абсталяванне і прафесійныя веды судовых экспертаў не пакінулі злачынцам шанцаў», — адзначылі ў ДКСЭ.