Чаму беларусы не любяць расійскіх турыстаў
- Віталь Цыганкоў
- 26.08.2026, 10:28
Справа не толькі ў смецці, хамстве і паводзінах на дарогах.
Не праходзіць і тыдня, каб у сацсетках не абмяркоўвалі чарговы пост ці відэа пра паводзіны расійскіх турыстаў у Беларусі. Беларусы, якія як нацыя ўсё ж не пазбаўленыя пэўнага комплексу непаўнавартасці і самаядства, гледзячы на расіян, у гэтым выпадку адчуваюць сябе людзьмі больш высокай побытавай культуры.
Расіяне кідаюць смецце, няправільна паркуюцца, парушаюць правілы дарожнага руху, не паважаюць беларускія нормы і традыцыі, патрабуюць прымаць у іх расійскія рублі, а яшчэ смяюцца з нашай мовы. Карацей, у цэлым паводзяць сябе прыкладна так, як паказваюць шматлікія ролікі ў сацсетках, — напрыклад, скачуць на капоце аўтамабіля.
А чаму ім паводзіць сябе інакш? Яны ж адчуваюць сябе ў Беларусі як дома. Вось і паводзяць сябе «як дома».
З іншага боку, многія расіяне шчыра хваляць Беларусь і захапляюцца ёю. Адны — за еўрапейскасць беларускай архітэктуры, тую самую чысціню на вуліцах, ветлівасць саміх беларусаў. За тое, што ў Беларусі можна (пакуль што) спакойна карыстацца інтэрнэтам, заходнімі сацыяльнымі сеткамі, «Фэйсбукам», «Інстаграмам», што ёсць крамы адзення «Zara», «Bershka», «Mango». Для гэтых людзей Беларусь — гэта такая Еўропа на мінімалках, якая для іх цяпер у асноўным зачыненая. Адначасова і трохі Захад, і трохі Расія, бо ўсё вакол па-руску, а рэаліі ў асноўным зразумелыя.
Іншых расіян Беларусь прыцягвае тым, што ў іх разуменні гэта такі кавалак Савецкага Саюза. Так бы мовіць, востраў Крым, Расія, якую яны страцілі. У беларускіх санаторыях каля 60 працэнтаў адпачывальнікаў складаюць расіяне, і нядаўна ўлады ўраўнялі цэны на пуцёўкі — цяпер яны аднолькавыя для беларусаў і іншаземцаў. А яшчэ чысціня, парадак, адны славянскія твары на вуліцах, ды ўвогуле мала людзей!
А чаму гэта на вуліцах Мінска мала людзей, вы не ведаеце? Можа, таму, што за апошнія гады сотні тысяч эмігравалі, вымушаныя ўцякаць ад палітычных рэпрэсій?
Урэшце, калі нехта з расіян крытыкуе Мінск і называе яго сумным і архаічным, некаторыя беларусы ў каментарыях пішуць: і добра, такіх тэкстаў павінна быць больш, каб расіяне да нас не ездзілі так масава. Але большасць беларусаў у сацсетках крыўдзіцца на любую крытычную заўвагу. І мяне гэта таксама дзівіць: як мне здаецца, гэта пахне пэўнай правінцыйнасцю. Чаму вас хвалюе, калі нейкі нікому не вядомы расіянін сказаў пра Беларусь або Мінск нешта крытычнае?
Аднак сапраўднае абурэнне ў беларусаў выклікае менавіта пыха «руссо туристо», яго пачуццё перавагі. Вось як пра гэта сказала адна мінская таксістка, чый ролік набраў мільёны праглядаў: сярод расіян сустракаюцца і адэкватныя людзі, аднак часам прыязджае турыст з паводзінамі пана, які пачынае вучыць мясцовых, як «правільна» жыць.
Вось у чым беларусы сапраўды кардынальна ментальна адрозніваюцца ад расіян. Няма ў нас гэтай пыхі, жадання лезці ў чужыя парадкі. Беларусы, калі прыязджаюць у іншую краіну, безумоўна паважаюць мясцовыя нормы і правілы паводзінаў, не лезуць са сваім статутам у чужы манастыр.
А калі беларусы сутыкаюцца з расійскім хамствам і пыхай, то адразу разумеюць, чым мы адрозніваемся. І нашы перакананыя прыхільнікі «сабойкі і шуфлядкі» пачынаюць горача біць расіян парадкам, чысцінёй на вуліцах, звычкай стаяць на чырвоны сігнал святлафора і ветлівасцю на дарогах. «У нас культура, а не ваш хаос, у нас павага да асабістых межаў, мы спакайней, няма вашага шуму, хамства і пыхі, не лезем да іншых са сваімі парадкамі» і гэтак далей — доўгі і часам спрэчны пералік станоўчых рысаў нацыянальнага характару.
Але ж існуе радыкальнае рашэнне гэтай праблемы. Вось калі б усе ці хаця б значная большасць беларусаў у паўсядзённым жыцці размаўлялі па-беларуску, ні аднаму расіяніну не прыйшло б у галаву пытацца: «А чым вы ад нас адрозніваецеся?»
Але пакуль мы як нацыя жывём расійскай культурай, у расійскай інфармацыйнай прасторы, расійскімі фільмамі і пап-культурай і гаворым па-руску, — натуральна, да таго часу самі расіяне не будуць лічыць нас асобнай нацыяй. Пакуль значная частка беларусаў успрымае расійскую культурную і інфармацыйную прастору як сваю, — адпаведна, да таго часу і расіяне будуць успрымаць Беларусь як «сваю».
Прыблізна тое самае было ва Усходняй Украіне, не толькі да анексіі Крыму ў 2014 годзе, але нават да 2022 года, пачатку паўнамаштабнай вайны, — пра гэта даволі шмат пісаў, напрыклад, мой украінскі калега Віталь Портнікаў. Ён казаў пра прарасійскую ідэнтычнасць і ідэнтычнасць абыякавасці, пра тое, што многім было ўсё адно, на якой мове размаўляць. І толькі расійскія бомбы прымусілі многіх украінцаў перагледзець сваё стаўленне да Расіі, стаць ментальна і культурна перадусім украінцамі.
У любым выпадку стаўленне беларусаў да «руссо туристо» паказвае, што на бытавым і псіхалагічным узроўні беларусы аддзяляюць сябе ад расіян, разумеюць, што гэта людзі іншай культуры, нават іншай цывілізацыі. Аднак працэс адмірання савецка-расійскай ідэнтычнасці ў Беларусі дагэтуль не завершаны. Вельмі не хочацца, каб гэта адбылося трагічным шляхам, праз вайну. А вы гатовыя перайсці на беларускую мову?
Віталь Цыганкоў, Belsat