Беларуская паэтка Наталка Хвоя збірае сродкі на выданне кнігі
- 26.08.2026, 12:24
Прыблізны наклад — 200 асобнікаў.
Беларуская паэтка і мастачка Наталка Хвоя (Наталля Бордак) збірае сродкі на выданне зборніка вершаў «Тры кроплі», які выдавецтва «RozUM Media» плануе выпусціць на пачатку верасня. Прыблізны наклад — 200 асобнікаў, піша spravy.io.
Падрыхтоўка выдання ў цвёрдай вокладцы абʼёмам 196 старонак заняла тры месяцы: тэксты былі цалкам адрэдагаваныя і вывераныя. Кніга падзелена на тры тэматычныя раздзелы («Малітва», «Карані», «Пяшчота») і змяшчае паэтычныя творы розных гадоў.
«Кожны раздзел раскрывае асобную тэму: духоўны пошук, сувязь з роднай зямлёй і разнастайныя грані кахання. Для чытача кніга можа адкрывацца па-свойму — як кроплі расы на світанку, як слёзы адзіноты, як дождж пасля засухі або як жыватворная вада, што дорыць надзею».
У калекцыю таксама ўвойдзе асобны каталог з 30 візуальнымі працамі мастачкі: большасць карцін напісаныя ў Польшчы, дзесяць з іх утвараюць серыю «Ойча наш».
Збор сродкаў адбываецца на беларускай платформе «Гронка» па мадэлі «усё, што сабрана»: пасля заканчэння тэрміну аўтарка атрымлівае ўсе сабраныя сродкі. Да канца кампаніі засталося 6 дзён, і на дадзены момант сабрана 600 еўра з заяўленых 2750.
У абмен на фінансавую падтрымку аўтарка прадаставіла шэраг узнагарод: свечкі, асобнікі кнігі з аўтографам і карціны.
Заяўлены бюджэт для «Гронкі» павінен быць размеркаваны наступным чынам:
друк — 1800 еўра;
дызайн вокладкі — 300 еўра;
распаўсюджанне кнігі і арганізацыя прэзентацый — 300 еўра;
вёрстка — 200 еўра;
карэктура — 150 еўра.
Раней збор сродкаў на выданне кнігі ўжо быў запушчаны на польскай платформе Zrzutka.pl — аўтарцы ўдалося сабраць крыху больш за 1700 злотых.
— Усё ўжо ўзгоднена. Але сабраць суму на выданне вельмі складана. 1000 еўра хапіла б для пачатку друку кнігі. Наклад — 200 асобнікаў. Калі яна выйдзе, я буду арганізоўваць прэзентацыі, чытаць свае вершы, паказваць сваё мастацтва і несці беларускае слова, як ліхтар на маёй карціне, — кажа Наталля Хвоя.
Наталлі Бордак 65 гадоў, яна скончыла Мінскі ўніверсітэт культуры, піша вершы па-беларуску з пачатку 1990-х гадоў і малюе больш за 50 гадоў. У Беларусі яна была ўдзельніцай Нясвіжскага літаратурна-музычнага клуба «Валошкі» пры раённай бібліятэцы, а таксама друкавалася ў зборніку «Верш на Свабоду» (2002). Праект «Тры кроплі» стане яе першым персанальным зборнікам.
Апошнія 5 гадоў яна жыве ў выгнанні пад Кракавам.