Песні кітоў здзівілі вучоных
- 26.08.2026, 14:32
Яны распаўсюджваюцца хутчэй за хуткасць гуку.
Гукавыя сігналы, якія выдаюць фінвалы, могуць ствараць эфект, пры якім іх энергетычны пік распаўсюджваецца хутчэй за хуткасць гуку ў вадзе. Да такіх высноваў прыйшлі фізікі з Пенсільванскага ўніверсітэта і Акіянаграфічнага інстытута Вудс-Хоўла. Вынікі даследавання апублікаваныя ў (часопісе https://journals.aps.org/pre/) Physical Review E.
Даследчыкі спрабавалі вызначыць хуткасць распаўсюджвання кітавых крыкаў з дапамогай некалькіх падводных запісвальных прылад. Аднак разлікі давалі незвычайныя вынікі: замест чаканых для марской вады прыкладна 1500 м/с хуткасць сігналу часам дасягала 3000 м/с.
Вучоныя высветлілі, што прычына звязаная з асаблівасцямі распаўсюджвання гуку ў акіяне. Частка гукавых хваль рухаецца непасрэдна да прыёмніка, а іншая адлюстроўваецца ад паверхні вады і праходзіць больш доўгі шлях. Калі гэтыя сігналы сустракаюцца, узнікае часовая інтэрферэнцыя — яны накладваюцца адзін на адзін і ўтвараюць новы пік энергіі.
«Такі пік сапраўды можа перамяшчацца хутчэй за зыходныя хвалі і нават перавышаць хуткасць гуку. Пры гэтым самі гукавыя хвалі не паскараюцца, а атрыманы эфект не азначае парушэння законаў фізікі», — удакладнілі вучоныя.
Падобная з’ява вядомая і для святла. Напрыклад, кропка асвятлення можа перамяшчацца па паверхні хутчэй за хуткасць святла, хоць самі святловыя хвалі распаўсюджваюцца з звычайнай хуткасцю. Галоўнае адрозненне ў тым, што такі энергетычны пік не пераносіць інфармацыю, таму з яго дапамогай нельга перадаць сігнал хутчэй за дапушчальную хуткасць.
На думку вучоных, часовая інтэрферэнцыя можа тлумачыць незвычайныя вынікі вымярэнняў кітавых песень і ў далейшым дапамагчы дакладней вызначаць размяшчэнне жывёл па гукавых сігналах. Пакуль даследчыкі плануюць пацвердзіць механізм эксперыментальна — спачатку з дапамогай адлюстравання гукавых хваль ад цвёрдай паверхні, а потым з выкарыстаннем лазерных імпульсаў.