Новыя станцыі метро ў Мінску зноў адкладваюцца
- 26.08.2026, 16:51
Чакаць давядзецца на два гады даўжэй.
Мінскае метро працягвае будавацца, але адкрыццё новых станцый пастаянна адкладаецца. Вось і зноў нам абвясцілі новыя даты адкрыцця станцый трэцяй лініі ў бок Зялёнага Лугу.
Не нейкія даўнія праекты, а адносна свежыя заявы. Вясной 2025 года дырэктар «Мінскметрапраекта» Міхаіл Рудзько распавёў пра тэрміны здачы чарговага ўчастка трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна.
— Паводле праекта, у 2028 годзе. Спадзяюся, укладземся ў тэрміны, — цытуе яго прапагандысцкае выданне SB.by.
І вось цяпер тое самае выданне агучвае новыя тэрміны.
Станцыі «Пярэспа», «Камароўская» і «Парк Дружбы народаў» павінны здаць да канца 2030 года. То бок, тэрміны зрушыліся яшчэ на два гады.