Таемны візіт кіраўніка ЦРУ ў Маскву: такіх было толькі чатыры за 10 гадоў
- 26.08.2026, 19:50
Што Рэткліф мог перадаць Пуціну.
Нечаканы таемны візіт дырэктара Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША Джона Рэткліфа ў Маскву стаў усяго толькі чацвёртай паездкай кіраўніка ЦРУ ў расійскую сталіцу за апошнія 10 гадоў.
Рэткліф упершыню наведаў Маскву як кіраўнік ЦРУ. Ён таксама стаў самым высокапастаўленым прадстаўніком ЗША, які пабываў у расійскай сталіцы пасля студзеня 2026 года (тады ў Маскву прыязджалі спецапасланнік Дональда Трампа Стыў Уіткоф і зяць прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер).
New Voice нагадвае, калі яшчэ і навошта ў папярэднія гады дырэктары ЦРУ ездзілі ў Маскву і якія падзеі адбываліся да і пасля гэтага.
Сірыйская вайна
Сакавік 2016 года (прэзідэнцтва Барака Абамы): Маскву таемна наведаў дырэктар ЦРУ Джон Брэнан. Пра яго візіт стала вядома толькі праз некалькі тыдняў. Тады ў РФ прызналі, што ён сустракаўся як мінімум з прадстаўнікамі расійскай Федэральнай службы бяспекі (ФСБ), хоць Масква адмаўляла любыя яго кантакты з Крэмлём. 14 сакавіка 2016 года, неўзабаве пасля візіту Брэнана ў Маскву, Уладзімір Пуцін заявіў, што РФ завяршае баявыя дзеянні ў Сірыі і выведзе частку сваіх войскаў з краіны пасля кампаніі авіяўдараў у падтрымку ўрадавых сіл сірыйскага дыктатара Башара Асада. Фармальна Пуцін патлумачыў вывад асноўнага кантынгенту расійскіх паветрана-касмічных сіл тым, што яны «выканалі пастаўленыя задачы».
У Крамлі адмаўлялі сувязь паміж гэтым рашэннем і візітам кіраўніка ЦРУ. Аднак у пасольстве ЗША ў Маскве пасля пацвердзілі, што падчас візіту ў Маскву Брэнан сапраўды гаварыў пра Сірыю і ў кантактах з расійскімі афіцыйнымі асобамі падкрэсліваў «важнасць таго, каб Расія і рэжым Асада выконвалі свае абавязацельствы па спыненні агню ў Сірыі». Таксама ў амерыканскім дыпведамстве патлумачылі, што дырэктар ЦРУ ў Маскве настойваў на неабходнасці палітычных змен у Сірыі і сыходу Асада ад улады — дзеля пераходу, які «адлюстроўваў бы волю сірыйскага народа». Праўда, сірыйскі дыктатар заставаўся пры ўладзе аж да падзення яго рэжыму напрыканцы 2024 года.
Тады ж, вясной 2016 года — ужо пасля паездкі дырэктара ЦРУ і рашэння Пуціна часткова вывесці войскі РФ з Сірыі, — Маскву наведаў і тагачасны дзяржсакратар ЗША Джон Кэры. Кэры сустрэўся з Пуціным і міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым.
Умяшанне РФ у выбары ў ЗША
Май 2017 года (першы прэзідэнцкі тэрмін Дональда Трампа): дырэктар ЦРУ Майк Пампеа таемна наведаў Маскву. Пазней амерыканскія СМІ паведамлялі, што ён кантактаваў з прадстаўнікамі расійскіх спецслужбаў. Паездка адбылася ў перыяд, калі Пампеа публічна абвінавачваў Расію ў тым, што яна «дзесяцігоддзямі спрабуе падарваць амерыканскую дэмакратыю». У той час Кангрэс ЗША і ФБР вялі расследаванне верагоднага ўздзеяння Расіі на вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША 2016 года і спроб Масквы перашкодзіць абранню Хілары Клінтан [якую ў выніку перамог Трамп]. Звязаных з Крамлём хакераў тады абвінавачвалі ў атаке на сервары Дэмакратычнай партыі і публікацыі атрымленых з іх даных.
Афіцыйна мэта гэтага візіту і тэмы перамоваў Пампеа ў Маскве не раскрываліся. Аднак эксперты брытанскага Каралеўскага аб’яднанага інстытута абаронных даследаванняў (RUSI) тады меркавалі, што на фоне крайне «таксічных» і «палітычна зараджаных» адносін ЗША з РФ у той перыяд кіраўніку ЦРУ спатрэбілася абмеркаваць з расійскімі спецслужбамі шэраг «практычных пытанняў». Сярод іх маглі быць спробы Вашынгтона дасягнуць з Масквой «нефармальнай дамоўленасці па кібербяспецы» або «дэскалаваць пэўныя аспекты ўзаемаадносін», меркаваў эксперт RUSI. Тады ж, у маі 2017 года, Пампеа ўдзельнічаў у слуханнях па Расіі ў Сенаце ЗША і даваў паказанні перад камітэтам па разведцы. Калі яго спыталі, ці з’яўляецца Расія сябрам або праціўнікам Амерыкі, кіраўнік ЦРУ адказаў: «Гэта складана».
Поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну
Лістапад 2021 года (прэзідэнцтва Джо Байдэна): дырэктар ЦРУ Уільям Бёрнс наведаў Маскву на фоне чаканага ўварвання Расіі ва Украіну і нарошчвання расійскіх войскаў каля ўкраінскіх межаў. Тады паводле даручэння Байдэна Бёрнс меў паведаміць Пуціну і яго атачэнню, што амерыканскай разведцы вядомы планы Крамля, а таксама папярэдзіць пра наступствы для РФ у выпадку развязвання поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Калі пра візіт стала вядома, Крэмль заявіў, што Пуцін размаўляў з Бёрнсам па тэлефоне, а не асабіста. Кіраўнік ЦРУ таксама сустрэўся з шэрагам высокапастаўленых прадстаўнікоў расійскіх сілавых структур.
Пазней, ужо на другім годзе поўнамаштабнага расійскага ўварвання, Бёрнс успамінаў, што восенню 2021 года ён з’ехаў з Масквы «яшчэ больш занепакоеным, чым калі прыбыў» туды. У сталіцы РФ ён пераканаўся, што дасведчанасць Вашынгтона пра намеры Масквы не турбуе Крэмль і што Пуцін цвёрда настроены на хуткую пераможную вайну супраць Украіны.
У 2023 годзе Бёрнс таксама распавёў журналістам, што, вяртаючыся з Масквы той восенню, ён яшчэ ў самалёце адразу ж патэлефанаваў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, каб пераказаць змест размовы з Пуціным і папярэдзіць Кіеў пра планы расіян пачаць уварванне прыблізна ўзімку 2021−2022 гадоў. «Ён [Зяленскі] вельмі ўважліва выслухаў. Думаю, гэта паўплывала на яго ацьверазяюча», — успамінаў Бёрнс. Ён быў перакананы, што Пуцін намерваецца пачаць вялікую вайну з-за зацыкленасці на ідэі ўзяць Украіну пад свой кантроль, паколькі без гэтага Расія не зможа быць «вялікай звышдзяржавай», а сам Пуцін — «не зможа стаць вялікім расійскім лідарам», — так ацэньваў матывы расійскага дыктатара тагачасны дырэктар ЦРУ.
Загадкавы візіт Рэткліфа
25 жніўня 2026 года (другі прэзідэнцкі тэрмін Дональда Трампа): нечаканы візіт дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа ў Маскву адбыўся на фоне няўдалых спроб адміністрацыі Трампа пакласці канец вайне РФ супраць Украіны і праз паўгода пасля пачатку аперацыі ЗША супраць Ірана. Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў патлумачыў гэтую паездку «кантактамі паміж амерыканскімі і расійскімі спецслужбамі», тады як у Вашынгтоне афіцыйных заяў не рабілі.
Візіт Рэткліфа падштурхнуў міжнародныя СМІ і палітычных аналітыкаў да здагадкаў пра тое, што магло быць мэтай яго паездкі ў сталіцу РФ. Газета Wall Street Journal падкрэсліла, што незадоўга да гэтага візіту ЗША сабралі разведдадзеныя пра верагодную падрыхтоўку Расіі да ваеннай мабілізацыі для вайны супраць Украіны, а таксама пра планы Масквы «праверыць рашучасць» НАТА. У сувязі з гэтым, як выказаў здагадку амерыканскі журналіст і аналітык Майкл Вайс, візіт Рэткліфа мог служыць папярэджаннем для Расіі на фоне яе намераў пайсці на магчымую эскалацыю ў дачыненні да Еўропы і НАТА. Ён нагадаў, што Вашынгтон раней падзяліўся інфармацыяй пра гэтыя планы Масквы з Польшчай, а таксама з краінамі Балтыі і Скандынавіі. «Гэта [візіт кіраўніка ЦРУ ў Маскву] магло быць пасланне ў духу: „Мы ведаем, што вы плануеце зрабіць, і вам лепш гэтага не рабіць“», — пагадзілася з такой версіяй Бэт Санер, былая намесніца дырэктара Нацыянальнай разведкі ЗША па пытаннях інтэграцыі разведвальных аперацый. Паводле яе слоў, візіт таксама можа быць звязаны са спыненнем агню паміж ЗША і Іранам і ўцягваннем у перамовы іншага боку. Санер меркавала, што Рэткліф мог падняць пытанне аб падтрымцы Крамлём Ірана ў вайне супраць ЗША.
Падобную версію адносна Ірана агучыў у каментары Радыё Свабода і Брэдлі Боўман — былы афіцэр арміі ЗША, былы дарадца па пытаннях нацыянальнай бяспекі профільных камітэтаў Сэната ЗША, а цяпер старшы дырэктар Цэнтра ваеннай і палітычнай моцы пры Фондзе абароны дэмакратый. Акрамя таго, ён выказаў надзею, што сярод пытанняў, паднятых кіраўніком ЦРУ ў Маскве, было «прамае патрабаванне да Уладзіміра Пуціна спыніць непрыхаваную агрэсію супраць Украіны». Паводле яго слоў, Вашынгтону варта было ясна даць зразумець: калі вайна не будзе спыненая, Расію чакаюць усё больш балючыя меры, а ЗША і іх саюзнікі будуць і далей дапамагаць Украіне абараняцца.
Сваёй чаргой, Джон Форман, які займаў пасаду брытанскага вайсковага аташэ ў Маскве з 2019 па 2022 год, у каментары BBC Radio 4 выказаў меркаванне, што гэты візіт можа быць звязаны з «кантролем эскалацыі». У прыватнасці, неабходнасць у гэтым магла ўзнікнуць пасля актыўнасці беспілотнікаў у Германіі: на пачатку жніўня ў аэрапорце Лейпцыга побач з украінскімі транспартнымі самалётамі быў выяўлены дрон з выбухоўкай. «Амерыканцы звычайна не накіроўваюць у Маскву без папярэдняга абвяшчэння і ў такія сціслыя тэрміны чыноўніка такога высокага ўзроўню, калі не адбываецца нешта важнае», — падкрэсліў Форман. Ён дадаў, што паездка таксама магла датычыцца вызвалення грамадзян ЗША, якіх утрымліваюць у Расіі.