BE RU EN

Ісландыя ідзе ў ЕС

  • 26.08.2026, 20:00

Ціск ЗША і Расіі падштурхоўвае краіну да Еўропы.

Упершыню за многія гады Ісландыя можа зрабіць новы крок да ўступлення ў Еўрапейскі саюз. 29 жніўня жыхары краіны прагаласуюць на рэферэндуме аб аднаўленні перамоваў з Бруселем, піша Foreign Policy (пераклад — сайт Charter97.org).

Ісландыя дзесяцігоддзямі трымалася ўбаку ад ЕС, баючыся страціць кантроль над уласнымі рэсурсамі і часткай нацыянальнага суверэнітэту. Цяпер стаўленне да еўрапейскай інтэграцыі змяняецца на фоне росту геапалітычнай напружанасці і новых пагроз бяспецы ў Арктыцы.

Ісландыя ўжо ўваходзіць у Еўрапейскую эканамічную зону і з’яўляецца адной з заснавальніц НАТА, аднак у краіны няма ўласнага ваеннага патэнцыялу. Яе абарона з 1951 года шмат у чым трымаецца на пагадненні з ЗША. На гэтым фоне сяброўства ў ЕС разглядаецца як магчымасць умацаваць пазіцыі краіны дзякуючы больш цесным сувязям з еўрапейскімі партнёрамі.

Асаблівую вагу пытанне набыло пасля заяў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра Грэнландыю. Міністр замежных спраў Ісландыі Торгердур Катрын Гуннарсдотыр скарыстала сітуацыю як аргумент на карысць еўрапейскага супрацоўніцтва.

Пры гэтым эканамічныя прычыны таксама адыгрываюць важную ролю. Ісландыя ўсё яшчэ залежыць ад рыбалоўства і турызму, а нацыянальная крона схільная да інфляцыі і рэзкіх ваганняў. Паводле справаздачы для Міністэрства фінансаў, выдаткі на захаванне ўласнай валюты ўжо перавышаюць яе перавагі.

Галоўныя цяжкасці звязаныя з рыбнымі рэсурсамі. Уступленне ў ЕС запатрабуе ўзгаднення з агульнай еўрапейскай рыбалоўнай палітыкай, што выклікае занепакоенасць сярод мясцовых жыхароў.

«Мы страцім кантроль над сваімі рыбнымі рэсурсамі», — заявіў прафесар Ісландскага ўніверсітэта Ханэс Холмстэйн Гісурарсан.

«Аднак для Бруселя магчымaе ўступленне Ісландыі стала б важным геапалітычным набыткам. Краіна магла б узмацніць паўночны фланг ЕС і яго прысутнасць у Арктыцы», — піша выданне.

«Пазітыўны вынік у Ісландыі можа стаць тым самым штуршком, які запусціць працэс і ў Нарвегіі», — лічыць эксперт Еўрапейскага палітычнага цэнтра Георг Рыкелес.

Пакуль вынік галасавання складана прагназаваць. Апошнія апытанні паказваюць толькі невялікую перавагу прыхільнікаў аднаўлення перамоваў. Нават у выпадку перамогі «за» Ісландыю чакаюць новыя перамовы і другі рэферэндум — ужо па канкрэтных умовах уступлення.

Апошнія навіны