BE RU EN

Беларусы абагналі немцаў па ўзроўні заробкаў у Германіі

  • 26.08.2026, 20:06

Нашы суайчыннікі атрымліваюць 4533 еўра брутта ў месяц.

Беларусы, якія ў Германіі працавалі поўны працоўны дзень, у 2025 годзе атрымлівалі медыянны заробак 4533 еўра брутта ў месяц. Гэта на 137 еўра больш, чым у работнікаў з нямецкім грамадзянствам, паводле дадзеных Федэральнага агенцтва па працы Германіі, якія прыводзіць Bild.

Па ўзроўні медыяннага заробку беларусы апынуліся сярод грамадзян пяці краін, якія ў Германіі зараблялі больш за саміх немцаў.

Найвышэйшы паказчык быў у работнікаў з Індыі — 5445 еўра брутта ў месяц. Далей ішлі грамадзяне Тайваня — 5395 еўра, Кітая — 5065 еўра і Егіпта — 4563 еўра. У беларусаў медыянны заробак складаў 4533 еўра, а ў саміх немцаў — 4396 еўра.

Пры гэтым сітуацыя сярод замежнікаў у Германіі ў цэлым выглядае інакш. Медыянны заробак усіх замежных работнікаў, занятых на поўны працоўны дзень, складаў 3358 еўра — на 1038 еўра менш, чым у немцаў. Яшчэ ў 2024 годзе гэты разрыў быў меншы — 973 еўра.

Каля 70% замежных работнікаў атрымлівалі менш за нямецкі медыянны заробак. Асабліва нізкія паказчыкі зафіксаваныя ў выхадцаў з краін, адкуль у апошнія гады ў Германію прыехала шмат уцекачоў. Напрыклад, у грамадзян Украіны медыянны заробак складаў 2825 еўра, Сірыі — 2822 еўра, Афганістана — 2817 еўра.

У Федэральным агенцтве па працы і ва ўрадзе Германіі адзначаюць, што ўзровень даходаў моцна залежыць ад адукацыі, кваліфікацыі і прафесійнага досведу работнікаў.

Апошнія навіны