Сын сябра Пуціна аказаўся самым высокааплатным расійскім прапагандыстам
- 27.08.2026, 7:15
Распальвальнікі вайны атрымліваюць дзесяткі мільёнаў расійскіх рублёў у месяц.
Кірыл Кавальчук, сын кіраўніка Курчатаўскага інстытута Міхаіла Кавальчука і пляменнік мільярдэра Юрыя Кавальчука, якія ўваходзяць у бліжэйшае кола Уладзіміра Пуціна, узначаліў рэйтынг найбольш высокааплатных прапагандыстаў Расіі, складзены «Вёрсткай» на падставе ўцечак дадзеных. Кавальчук працуе ў «Нацыянальнай медыя-групе» (НМГ) з 2008-га, а з 2014-га займае спецыяльна створаную для яго пасаду прэзідэнта холдынгу. Паводле звестак выдання, яго гадавы даход перавышае 628 млн рублёў. Яшчэ некалькі дзясяткаў мільёнаў рублёў яму плаціць структура дзядзькі — кіруючая кампанія банка «Расія» «АБР Менеджмент», піша The Moscow Times.
Другое месца заняў кіраўнік «Газпрам-Медыя Холдынгу» Аляксандр Жараў з гадавым даходам каля 470 млн рублёў. Трэцю пазіцыю заняла гендырэктар НМГ Святлана Баланова з даходам больш за 400 млн рублёў.
Сярод тэлевядучых лідзіруе Мікіта Міхалкоў — вядучы «Бесогона» на канале «Расія» зарабляе больш за 270 млн рублёў у год. На яго рахунках у розных банках знаходзіцца больш за 2,5 млрд рублёў, якія прыносяць каля 515 млн рублёў працэнтаў штогод. Дзмітрый Саймс, вядучы «Вялікай гульні» на «Першым канале», атрымлівае каля 8 млн рублёў у месяц, а яго агульны даход за амаль чатыры гады працы перавысіў 291 млн рублёў. Арцём Шэйнін, вядучы «Время покажет», зарабляе каля 5,6 млн рублёў у месяц і назапасіў на дэпазітах больш за 230 млн рублёў. Галоўны рэдактар RT Маргарыта Сіманьян зарабляе ў медыя каля 3 млн рублёў у месяц, аднак, паводле даных расследаванняў, яе рэальныя даходы значна вышэйшыя дзякуючы шматмільярдным дзяржаўным кантрактам.
Даходы ваенных карэспандэнтаў і правайенных блогераў заўважна сціплейшыя. Найбольш заможны з іх — аўтар канала Colonelcassad Барыс Рожын, які амаль не ездзіць на фронт і атрымлівае каля 2,6 млн рублёў у месяц. Асноўная крыніца яго даходу — прадзюсарская кампанія «Телепрофиль», якая выпускае праграмы для «Першага канала». Яўген Паддубны, адзін з галоўных ваенных карэспандэнтаў ВГТРК, зарабляе каля 1 млн рублёў у месяц. Сярэдні даход ваенных карэспандэнтаў і правайенных блогераў не перавышае 500 тыс. рублёў.
Выданне адзначае, што размеркаванне даходаў у расійскай прапагандысцкай сістэме падпарадкоўваецца таму ж прынцыпу, што і ў астатняй сістэме: чым бліжэй да Крамля, тым вышэйшыя заробкі. На ваенных карэспандэнтаў і правайенных блогераў прыпадае толькі 6% сукупных даходаў 63 прапагандыстаў, уключаных у даследаванне. Тэлевядучыя атрымалі каля чвэрці ўсіх сродкаў, а медыяменеджары — больш за палову. Сукупны гадавы даход усіх удзельнікаў рэйтынгу склаў 3 млрд рублёў, прычым роўна палова гэтай сумы прыйшлася на тройку самых заможных медыяменеджараў.