Бітва на Сініх Водах: як беларусы першымі ў гісторыі разграмілі Арду
- 27.08.2026, 8:35
Перамога вялікага князя Альгерда стала пачаткам крушэння імперыі манголаў.
Ёсць даты, пра якія мы мала ведаем, хоць яны адыгралі вырашальную ролю ў гісторыі Еўропы. Да такіх належыць бітва на Сініх Водах. Бітва на Сініх Водах абазначыла новы этап славянскай гісторыі. Паўднёвыя землі ВКЛ выйшлі з-пад улады Залатой Арды. Залатая Арда страчвала веліч і канцэнтравала свае намаганні на ўнутраных праблемах.
Бітва на Сініх Водах (Сіняводская бітва) — бітва, якая адбылася паміж 24 верасня і 25 снежня 1362 года на рацэ Сінія Воды (цяпер рака Сінюха) паміж беларускімі войскамі вялікага князя Альгерда і мангола-татарскімі ўладарцамі, што панавалі на Падоллі.
Яна адбылася паблізу крэпасці Таргавіца (цяпер вёска ў Кіраваградскай вобласці Украіны ў наваколлях Новаархангельска).
Скарыстаўшыся ўнутранымі нязгодамі ў Залатой Ардзе, выкліканымі гібеллю ханаў Джанібека і Бердыбека, вялікі князь літоўскі Альгерд арганізаваў паход на татарскія землі.
Ліцвіны атрымалі вырашальную перамогу над трыма мясцовымі нойанамі хана Мурада. У выніку перамогі большая частка сучаснай Украіны (у тым ліку маланаселенае Падолле і Паўночнае Прычарнамор’е) з Кіевам, які ўжо знаходзіўся пад літоўскім уплывам пасля бітвы на рацэ Ірпінь у 1324 годзе, апынулася вызваленай ад мангольскага ўплыву.
Даволі падрабязнае апісанне Сіняводскай бітвы змяшчаецца толькі ў хроніцы Мацея Стрыйкоўскага: Альгерд, заключыўшы на два гады пагадненне аб міры з прускімі і лівонскімі крыжакамі, адправіўся ў паход у Дзікія палі супраць татараў.
З ім адправіліся таксама чацвёра яго пляменнікаў, сыны навагрудскага князя Карыята, княжычы Аляксандр, Канстанцін, Юрый і Фёдар.
І калі яны, мінуўшы Каніў і Чаркасы, дайшлі да ўрочышча Сінія Воды, то ўбачылі ў полі вялікую татарскую арду з трыма царыкамі, падзеленую на тры атрады. Адзін атрад вёў султан Кутлубах, другі ўзначальваў Качыбей-Керэй, а трэцім камандаваў султан Дымейтэр.
Альгерд, убачыўшы, што татары гатовыя да бою, выбудаваў сваіх у шэсць выгнутых атрадаў, па-рознаму іх па баках і ў галаўной частцы рассадзіўшы, так, каб татары, як яны і задумвалі, не змаглі іх акружыць у звычайных сутычках і нанесці шкоду стрэламі.
Татары з лютым імпэтам пачалі бой, абсыпаўшы літоўска-русінскіх саюзнікаў густым жалезным градам са лукаў; адбыліся некалькі сутычак, але яны прынеслі мала страт з-за правільнага пастрою і хуткага манеўравання.
Літва з русінамі з шаблямі і дзідамі наляцелі на іх і ў рукапашным баі праламалі пярэднія шыхты і збілі ім рады паўколам, а іншыя, асабліва навагрудцы з Карыятавічамі, з самастрэлаў абстрэльвалі з бакоў і доўгімі дзідамі звальвалі іх з сёдлаў.
Не здолеўшы больш вытрымліваць франтальны націск, татары пачалі мітусіцца і, спалоханыя, бягчы ў шырокія палі. На бойнішчы засталіся забітыя тры іх царыкі: Кутлубах, Качыбей (ад імя якога названа Качыбейскае салёнае возера ў Дзікіх палях па дарозе ў Ачакаў) і султан Дымейтэр, і разам з імі вельмі шмат мурзаў і уланаў. Таксама ўсюды па палях і ў рэках ляжала бязліч татарскіх трупаў.
Зыходзячы з апісання Стрыйкоўскага, бітву на Сініх Водах можна падзяліць на два этапы.
Першы этап — гэта супрацьстаянне падзеленай на тры аддзелы арды і размешчаных паўколам і падзеленых на шэсць атрадаў войскаў Альгерда. Спроба ардынцаў знішчыць атрады ў цэнтры аказалася няўдалай. Войска расступалася і прапускала конніцу, абстрэльваючы яе з бакоў.
На другім этапе бітвы войскі Альгерда перайшлі ў наступ. Яны імкнуліся акружыць ардынцаў і знішчыць іх. Ардынцы не вытрымалі націску і адступілі. Бітва завяршылася пераследам войскамі Альгерда рэшткаў арды.
Вось што пішуць з гэтай нагоды летапісы.
Рагожскі летапіс, складзены ў канчатковай рэдакцыі восенню 1396 года, паведамляе: «Въ лѢто 6871… Того же лѢта Литва взяли Коршевъ и сотворишас[я] мятежи и тягота людемъ по всеи земли. Тое же осени Олгрд Синю воду и БѢлобережїе повоевалъ.»
Такая ж, але некалькі скарочаная запіс змяшчаецца ў Ніканаўскім летапісным зводзе канца 1520-х гадоў: «Въ лѢто 6871… Того же лѢта Литва взяша Коршеву. Того же лѢта князь великій литовскій Ольгерд Гедименович Синюю воду и БѢлобережіє повоєва.»
І, нарэшце, Густынскі летапіс паведамляе: «В лѢто 6870… В сіє лѢто Ольгерд побѢди трех царков Татарских из ордами их, си єсть, Котлубаха, Качзея, Дмитра; и оттоли от Подоля изгна власть Татарскую. Сей Олгерд и иныя Рускія державы во власть свою пріят, и Кіев под Федором князем взят, и посади в нем Володымера сына своего, и нача над сими владѢти, им же отци его дань даяху.»
Па палітычным значэнні бітву на Сініх Водах гісторыкі ставяць вышэй, чым бітву на Куліковым полі ў 1380 годзе.