У прамысловых зонах Уфы і Стерлітамака раздаюцца шматлікія выбухі
- 27.08.2026, 9:09
Апублікавана відэа прылётаў.
У ноч на 27 жніўня Сілы абароны Украіны атаквалі ваенныя і стратэгічныя аб’екты ў Рэспубліцы Башкартастан, якая ўваходзіць у склад Расіі. Пра гэта паведаміў Диалог.UA пасля маніторынгу сацыяльных сетак і мэсэнджараў.
Рэжым беспілотнай і ракетнай небяспекі ў Башкартастане 27 жніўня ўвялі прыкладна а 04:42 па маскоўскім часе. Таксама часова забаранілі палёты самалётаў у аэрапорце Уфы.
Неўзабаве пасля гэтага жыхары гарадоў Уфы і Стерлітамака пачулі першыя выбухі (башкірскія навінавыя каналы ў мэсэнджарах называюць іх «хлопкамі» – прым. рэд.).
Па стане на 07:07 па мінскім часе ў гэтым расійскім рэгіёне рэжым ракетнай небяспекі адмянілі, а рэжым беспілотнай небяспекі яшчэ дзейнічаў.
Відэа публікуе Telegram-канал Exilenova+. Жыхары Уфы сцвярджаюць, што ўкраінскія ракеты і дроны атакавалі паўночную прамысловую зону горада (там раздаваліся «хлопкі»).
Акрамя таго, выбухі былі чутныя і ў Стерлітамаку. Уфа і Стерлітамак — гэта два найбуйнейшыя гарады Башкартастана. Там размяшчаюцца шматлікія расійскія ваенныя і стратэгічныя аб’екты.
Сілы абароны Украіны раней ужо неаднаразова наносілі ўдары па аб’ектах у гэтых гарадах. Напрыклад, украінскія БПЛА некалькі разоў «наведвалі» Уфімскі нафтаперапрацоўчы комплекс кампаніі «Роснефть», які аб’ядноўвае тры заводы.