BE RU EN

У Беларусі падаражэюць платныя дарогі

  • 27.08.2026, 10:08

Цэны зменяцца з 1 верасня.

З пачаткам восені ў Беларусі зменяцца ўмовы аплаты праезду па платных аўтамабільных дарогах: тарыфы BelToll павысяцца, а для грузавога транспарту масай звыш 3,5 тоны на некаторых участках трас пачне дзейнічаць дадатковы павышальны каэфіцыент.

Як паведамляе Office Life, з 1 верасня базавыя стаўкі за кіламетр шляху зменяцца наступным чынам:

для транспарту агульнай масай звыш 3,5 тоны з двума восямі плата вырасце з 0,117 да 0,121 еўра за км;

для трохвоснага транспарту — з 0,146 да 0,152 еўра за км;

для машын з чатырма і больш восямі — з 0,176 да 0,182 еўра за км.

Зменяцца і разавыя штрафныя стаўкі за неаплачаны праезд. Для легкавога транспарту масай да 3,5 тоны ўключна сума пры адсутнасці аплаты вырасце з 14 да 15 еўра. Для грузавікоў цяжэйшых за 3,5 тоны штраф за поўную няўплату павялічыцца з 37 да 38 еўра, а за частковую — з 18,5 да 19 еўра.

Акрамя гэтага, з 1 верасня для грузавога транспарту масай больш за 3,5 тоны запрацуе павышальны каэфіцыент на платных дарогах, што вядуць у Мінск — ён будзе прымяняцца, калі транспартны сродак на працягу гадзіны праязджае адразу па двух або больш участках трас М-2, М-3, М-4, М-6/Е-28, Р-1, Р-23 і Р-28. Так, на трасе М-2 (Мінск — Нацыянальны аэрапорт Мінск) павышаны тарыф будзе дзейнічаць на ўчастку з 14,9 па 25,308 км, а на М-6/Е-28 (Мінск — Гродна — мяжа з Польшчай, Брузгі) — з 12 па 20,575 км.

Як растлумачыў начальнік галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Мінтранса Сяргей Леончык, навацыі прызваныя садзейнічаць развіццю спецыяльных транзітных калідораў для буйнагрузнага транспарту на пад'ездах да сталіцы, вызваляючы пры гэтым асноўныя дарогі для прыярытэтнага руху грамадскага і асабістага транспарту. Паводле яго слоў, новая сістэма павінна стымуляваць вадзіцеляў грузавікоў масай звыш 3,5 тоны карыстацца спецыяльна выдзеленымі для транзіту маршрутамі. У выніку ў міністэрстве разлічваюць дамагчыся больш рацыянальнага размеркавання транспартных плыняў на ўездах у Мінск, а таксама зрабіць перамяшчэнне па гэтых дарогах хутчэйшым, больш бяспечным і камфортным для тых, хто едзе не транзітам.

Апошнія навіны