BE RU EN

Вылеч за месяц — або плаці

  • Вікторыя Лістападава
  • 27.08.2026, 10:38

Зоаабаронцы і чыноўнікі паспрачаліся пра падаткі на сабак і катоў.

За ператрымку катоў і сабак у валанцёраў патрабуюць заплаціць падатак, заявіла старшыня праўлення Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання дапамогі жывёлам «ЗООшанс» Вольга Карпава 26 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Валанцёрства: не падзяка, а пакаранне?

Паводле яе слоў, валанцёры супрацоўнічаюць з рознымі зоаабарончымі арганізацыямі і часам маюць на ператрымцы ад 10 да 80 сабак. Жывёлы ў іх знаходзяцца часова, але закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», які пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2025 года, не адрознівае пастаяннае ўтрыманне жывёлы ўладальнікам і часовае ўтрыманне валанцёрам.

Валанцёры, якія, паводле слоў Карпавай, «займаюцца высакароднай справай, трацяць на гэта ўсе свае рэсурсы, атрымліваюць ад дзяржавы не падзяку, а фактычна пакаранне».

«Яны сутыкнуліся з тым, што да іх прыходзяць мясцовыя ўлады разам з сілавымі структурамі і патрабуюць уплаты падатку за кожную сабаку. А адкуль ім узяць гэтыя грошы? — задала пытанне Карпава. — Чаму іх абкладаюць падаткам? Дзяржаўныя пункты часовага ўтрымання жывёл <�…> падаткам не абкладаюцца. Чаму патрабуюць ад валанцёраў гэты падатак?»

Таксама Карпава адзначыла, што, паводле арт. 13 згаданага закона, у сябе дома прыватнай асобе аказваць валанцёрскую дапамогу «наогул нельга, нават падабраць, адлоўліваць на вуліцы жывёлу прыватнай асобе таксама не дазволена».

«А самая масавая стэрылізацыя і скарачэнне колькасці бяздомных жывёл ідзе менавіта дзякуючы валанцёрам. Адна толькі «ЗООшанс» стэрылізуе больш за 2 тыс. жывёл у год», — сказала кіраўніца аб’яднання.

Яна адзначыла, што праца валанцёраў важная яшчэ і таму, што жывёлы ў іх дома больш сацыялізаваныя, іх прасцей лячыць, яны хутчэй выздараўліваюць. У сям’і жывёле ў цэлым лепш, сказала зоаабаронца.

Прытулкі занадта дарагія

Разам з тым, паводле яе слоў, кінутых жывёл у Беларусі шмат, таму прытулкі патрэбныя. Закон дапускае іх стварэнне, але «гэта занадта затратна нават для буйной арганізацыі»: «Да прытулкаў прад’яўляюцца вельмі высокія і санітарныя патрабаванні, і тэрытарыяльныя, і юрыдычныя. Гэта значыць, гэта надзвычай складана, далёка не кожны чалавек можа гэта зрабіць. Мала таго, мы як арганізацыя не імкнёмся да стварэння прытулку».

Такім чынам, Карпава прапанавала ў распрацоўваным урадам праекце новай пастановы аб утрыманні жывёл (цяперашняя прынята ў 2001 годзе) «вызваліць валанцёрскіх сабак ад падатку», больш канкрэтна «вызначыць статус жывёл на часовай ператрымцы не толькі ў дзяржаўных пунктах часовага ўтрымання, але і ў прыватных асоб, якія займаюцца валанцёрскай дзейнасцю».

Яна прызнала, што існуюць стыхійныя прытулкі для жывёл, дзе за імі не ажыццяўляецца належны догляд, што недапушчальна.

«Гэтыя стыхійныя прытулкі перашкаджаюць жыць людзям, якія іх акружаюць. Таму асноўным крытэрыем, які адрознівае стыхійныя прытулкі ад валанцёрскіх, можа стаць абавязковая стэрылізацыя, вакцынацыя жывёлы і, напрыклад, завядзенне пашпартоў на іх. Калі пакінуць абкладанне падаткам, напрыклад, толькі нестэрылізаваных суак, гэта будзе матываваць часовых утрымальнікаў стэрылізаваць іх і ў далейшым прывядзе да скарачэння папуляцыі. Бо толькі нестэрылізаваныя жывёлы нясуць фінансавую пагрозу дзяржаве ў частцы адлову, знішчэння, утрымання або нешта яшчэ», — сказала Карпава.

Таксама яна канстатавала, што ўладальнікі пародзістых жывёл атрымліваюць ад іх прыбытак, але не плацяць падаткі, што, на яе думку, няправільна.

Вылеч за месяц — або плаці

З некаторымі тэзісамі зоаабаронцы не пагадзіўся намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб — начальнік упраўлення падаткаабкладання маёмасці і прадпрымальніцкай дзейнасці фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Дзяніс Церашкоў. Паводле яго слоў, прадугледжана падаткаабкладанне даходаў, атрыманых ад развядзення і ад рэалізацыі шчанят. Падатак можа быць уплачаны як адзіны альбо ў выглядзе падаходнага падатку ў памеры 10% ад усяго атрыманага даходу.

Ён таксама адзначыў, што ў міністэрстве былі разгледжаны звароты грамадзян ад валанцёраў. У выніку сфарміраваная такая пазіцыя Міністэрства па падатках і зборах: «Валанцёр не прызнаецца плацельшчыкам падатку за валоданне сабакай, паколькі падчас ператрымкі гаворка не ідзе пра валоданне жывёлай. Падатак варта плаціць тады, калі выяўлены ўсе істотныя ўмовы для таго, каб яго ўстанавіць».

Аднак у грамадзянскім заканадаўстве ёсць свае нормы, якія тычацца ўтрымання жывёл, заявіла намесніца начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Надзея Сеўрук.

Паводле яе слоў, згодна з Жыллёвым кодэксам, чалавек мае права ўзяць жывёлу на часовае ўтрыманне, праінфармаваўшы пра гэта мясцовы распарадчы орган. «Заканадаўства кажа пра тое, што на працягу месяца гэта жывёла павінна быць перададзена камусьці ва ўладанне, <�…> альбо яна пераходзіць у права ўласнасці».

На гэта Карпава адказала, што большасць жывёл з-за стану здароўя і іншых прычын знаходзіцца на ператрымцы больш за месяц.

Вікторыя Лістападава, «Позiрк»

Апошнія навіны