Лукашэнка ўзяўся хваліць сваю вар’яцкую ідэю
- 27.08.2026, 13:59
Дыктатар падзяліўся вынікамі эксперыменту з накіраваннем аграрыяў у армію.
Лукашэнка распарадзіўся накіроўваць у армію тых, хто дрэнна працуе і не выконвае працоўную дысцыпліну ў сельскай гаспадарцы, асабліва ў перыяд уборачнай кампаніі. Сёння, 27 жніўня, ён падзяліўся вынікамі эксперыменту:
«Прывяду прыклад. Некаторыя так — «хі-хі, ха-ха» — успрынялі, калі я сказаў на сэлектарнай нарадзе: нерадзівых, алкашаў і іншых, якія не жадаюць працаваць на зямлі падчас уборкі, — на «фронт». У армію, у сілы спецыяльных аперацый, на мяжу — да Крупко і Пархомчыка, Хрэнін — адказны», — сказаў кіраўнік
«Я не паверыў. Кажу: «Пераправер, сам паглядзі». Праз тыдзень яшчэ раз пытаю. Ён мне: «Аляксандр Рыгоравіч, дазвольце заахвоціць». Кажу: «Ты што, звар’яцеў? Гэта ж п’яніцы, такія-сякія…» Твары светлыя, працуюць, выконваюць усё, што афіцэр скажа. Ніякіх прэтэнзій.
А кажуць, што армія — гэта не лагер для выхавання, як Вольфовіч сказаў. Так, гэта не лагер. Але школа выхавання вельмі добрая. Нармальныя мужыкі. Прайшлі перападрыхтоўку. Я кажу: «Усім зброю, як ваенным. Пераапрануць, пагаліць, падстрыгчы. І туды». Баявое зладжванне, усё зрабілі па апошніх стандартах. Мабільныя групы, тактычныя групы. Усё, што нам трэба для абароны мяжы. Мы ж не ваюем ва Украіне, а мяжу абараняць трэба. І накіравалі туды адразу 170 чалавек», — сказаў ён.
Лукашэнка дадаў, што ў палявых умовах прызваныя абсталявалі сабе зямлянкі лепш, чым кватэры.
«Яны зямлянкі выкапалі лепш, чым у Мінску кватэры абсталявалі. Вось табе і п’яніцы, такія-сякія», — сказаў ён.
«Мы не змаглі іх арганізаваць. А ў арміі Хрэнін са сваімі афіцэрамі арганізаваў іх дзейнасць і просіць іх узнагародзіць. Кажу: «Давай пачнем з таго, каб ты іх узнагародзіў, я не супраць». Будзе ўзнагароджваць асобных там лепшых людзей. Значыць, людзі могуць працаваць», — падсумаваў Лукашэнка, прыйшоўшы да высновы, што «ёсць пэўныя метады і рычагі ўздзеяння на тых, хто не хоча належным чынам выконваць свае працоўныя абавязкі».