Рэктар віцебскай ВНУ гадамі прыдумляў студэнтаў
- 27.08.2026, 16:07
Так некалькі гадоў выконваўся план па наборы студэнтаў.
У Віцебскай вобласці будуць судзіць былога кіраўніка адной з ВНУ Віцебска. Паводле версіі пракуратуры, ён некалькі гадоў фіктыўна залічваў абітурыентаў на бюджэтныя месцы, каб схаваць рэальныя праблемы з наборам студэнтаў.
Як сцвярджае следства, з ліпеня 2020 года па верасень 2023 года былы рэктар «вядучай ВНУ сельскагаспадарчага профілю», які адначасова ўзначальваў прыёмную камісію, аддаваў падначаленым незаконныя распараджэнні — залічваць студэнтаў на паперы.
Мэтай, паводле даных следства, было «мнімое выкананне кантрольных лічбаў прыёму» і сакрыццё сапраўднай сітуацыі з наборам абітурыентаў на дзённую бюджэтную форму навучання.
Схема, згодна з матэрыяламі справы, была простай: супрацоўнікам загадвалі падаваць у прыёмную камісію дакументы людзей, рэгістраваць іх і ўносіць у афіцыйныя дакументы загадзя ілжывыя звесткі пра прыём і залічэнне на першы курс.
Пры гэтым насамрэч гэтыя абітурыенты ў універсітэт не прыходзілі. Пазней фіктыўна залічаных людзей проста адлічвалі.
Такім чынам, на дзённую форму навучання за кошт дзяржавы, у тым ліку ў межах мэтавай падрыхтоўкі, было фіктыўна залічана не менш за 95 чалавек.
У пракуратуры лічаць, што гэтыя дзеянні мелі сур'ёзныя наступствы: была скажана дзяржаўная статыстыка, сарвана выкананне дзяржаўнага заказу на падрыхтоўку кадраў для аграпрамысловага комплексу, што яшчэ больш пагоршыла дэфіцыт спецыялістаў.
Былага кіраўніка ВНУ абвінавачваюць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў.
Пры гэтым былы рэктар застаўся на свабодзе пад асабістае паручальніцтва.
ВНУ, дзе гэта адбывалася, не называецца, пазначана толькі, што гэта вядучая ВНУ ў галіне сельскай гаспадаркі. У Віцебску ёсць толькі адна ВНУ, што падыходзіць пад апісанне, — Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны.
З 2016 па 2024 год яе рэктарам быў кандыдат біялагічных навук, доктар сельскагаспадарчых навук Мікалай Гаўрычэнка.