СМІ: Украіна ўпершыню ўдарыла новай ракетай з далёкасцю палёту 550 км
- 27.08.2026, 20:14
ЗСУ нанеслі ўдар па расіянах у Данецку.
Ваенна-аналітычнае выданне Defence Express піша, што абломкі пасля ўдару па расійскіх аб'ектах у акупаваным Данецку з высокай ступенню верагоднасці сведчаць пра першае прымяненне Украінай новай крылатай ракеты JDAM-LR з далёкасцю да 550 км. Афіцыйнага пацвярджэння перадачы такіх ракет Украіне пакуль няма, але выданне дае дэталёвы аналіз, заснаваны на фота знойдзеных фрагментаў.
Пасля удараў у сеціве пачалі з'яўляцца фатаграфіі абломкаў з месцаў прылётаў.
Па маркіроўцы на адным з фрагментаў расіяне вызначылі, што па адной з цэляў наносілі ўдар ракетамі Storm Shadow / SCALP. Але асаблівую ўвагу прыцягнулі іншыя абломкі — рэшткі крылаў і элементаў мацавання да корпуса.
На адным з фрагментаў заўважылі код 6F8W7. Defence Express піша, што ён належыць аўстралійскай кампаніі Ferra Aerospace, якая супрацоўнічае з Boeing і з 2000-х гадоў вырабляе камплекты крылаў для кіраваных авіябомбаў JDAM-ER.
Звычайная JDAM-ER мае заяўленую далёкасць каля 75 км. Гэта недастаткова для бяспечнага ўдару па Данецку з украінскага самалёта без заходу ў надзвычай небяспечную зону каля лініі фронту, таму частка расійскіх крыніц выказала меркаванне, што Украіна магла прымяніць новую JDAM-LR з рэактыўным рухавіком.
JDAM-LR фактычна ператварае авіябомбу ў крылатую ракету. Дзякуючы рэактыўнаму рухавіку яе заяўленая далёкасць перавышае 300 марскіх міль — каля 555 км. Гэта ўжо больш чым дастаткова для ўдару па цэлях у Данецку з бяспечнай дыстанцыі.
Камплект JDAM-LR усталёўваецца на 500-фунтовую авіябомбу Mk-82 масай каля 227 кг. Паводле ацэнкі Defence Express, такой баявой часткі магло хапіць, каб разбурыць чатырохпавярховы заводскі будынак, дзе, паводле паведамлення Генштаба ЗСУ, знаходзіўся расійскі штаб.
Навядзенне JDAM-LR ажыццяўляецца з дапамогай інерцыяльнай сістэмы і GPS. У звычайных JDAM раней былі праблемы з устойлівасцю да расійскіх сістэм радыёэлектроннай барацьбы, але дакладныя трапленні ў Данецку могуць сведчыць, што ў новай версіі гэтыя праблемы часткова вырашылі.
Тэарэтычна JDAM-LR можна запускаць з самалётаў, здольных прымяняць звычайныя JDAM. Ва Украіне гэта не толькі F-16, але і мадэрнізаваныя МіГ-29 і Су-27.
Калі Украіна сапраўды атрымала JDAM-LR, нават невялікай доследнай партыяй, расійскія штабы, склады і камандныя пункты на глыбіні сотняў кіламетраў атрымліваюць новую пагрозу. Гэтае ўзбраенне можа стаць яшчэ адным элементам ціску на расійскую ваенную інфраструктуру разам са Storm Shadow / SCALP, дронамі і ўкраінскімі далёкабойнымі распрацоўкамі.