BE RU EN

Расіян западазрылі ў масавым незаконным атрыманні грамадзянства Фінляндыі

  • 27.08.2026, 20:34

Маштабы справы сталі для следства нечаканымі.

Амаль два дзясяткі расіян падазраюць у незаконных схемах пры атрыманні грамадзянства Фінляндыі, піша Yle. Паводле даных следства, як мінімум 12 чалавек маглі беспадстаўна атрымаць фінскае грамадзянства. У яшчэ пяці чалавек працэс натуралізацыі не быў завершаны на момант пачатку расследавання ў 2024 годзе. Паводле слоў камісара крымінальнай паліцыі Тэппо Тяхтінен, маштабы справы сталі для следства нечаканымі. Паліцыя лічыць, што ў схеме ўдзельнічала больш людзей, але тэрмін даўнасці па гэтых эпізодах ужо мінуў.

Мяркуемая злачынная схема дзейнічала з 2003 года. Галоўны фігурант справы афармляў фіктыўныя працоўныя дагаворы, якія давалі падставы для атрымання віду на жыхарства, а затым грамадзянства. Паводле даных паліцыі і Пагранічнай аховы, падазраваны расіянін з 2003 года зарэгістраваў некалькі кампаній у Паўднёва-Усходняй Фінляндыі. Але рэальнай дзейнасці яны практычна не вялі. Удзельнікаў схемы падазраюць у тым, што яны плацілі за такое працоўнае ўладкаванне.

У ходзе расследавання высветлілася, што галоўны падазраваны разам з саўдзельнікамі здаваў за іншых экзамены па фінскай мове і выконваў вучэбныя заданні. Следства таксама правярае магчымую падробку дакументаў. Фігурантаў справы падазраюць у махлярстве пры абцяжваючых абставінах.

Каб атрымаць грамадзянства Фінляндыі, звычайна неабходна пражыць у краіне з часовым або пастаянным відам на жыхарства восем гадоў. Таксама трэба валодаць фінскай або шведскай мовай на ўзроўні B1 і мець пацверджаны даход. У 2025 годзе ў Фінляндыі грамадзянства атрымалі 14 689 чалавек. Найбольш заяў на атрыманне грамадзянства падалі грамадзяне Расіі, Ірака, Сірыі, Афганістана і Самалі.

Апошнія навіны