У ЗСУ на фронце з’явіліся ўнікальныя ўдарныя наземныя робаты
- 28.08.2026, 8:45
Яны валодаюць узмоцненай агнявой магутнасцю.
На ўзбраенні Збройных Сіл Украіны неўзабаве могуць афіцыйна з’явіцца новыя айчынныя ўдарныя наземныя робатызаваныя комплексы (НРК) з аўтаматамі Калашнікава, бо іх ужо пачалі тэставаць на фронце.
Пра гэта паведаміла прэс-служба Мінабароны Украіны.
Паводле звестак Мінабароны, новыя ўдарныя НРК стварыла кампанія, якая атрымала на гэта грант ад кластара Brave1. Усяго за шэсць месяцаў украінскія спецыялісты стварылі прататып.
Новы ўкраінскі НРК абсталяваны турэллю з двума спаранымі аўтаматамі сістэмы Калашнікава. Такое рашэнне дазволіла істотна павялічыць агнявую магутнасць робата, прызначанага для выканання задач у абароне і падчас штурмаў варожых пазіцый.
Сам комплекс пабудаваны на чатырохколавым шасі з бяспаветранымі шынамі і абароненым корпусам. Пры гэтым турэль можна ўсталёўваць на іншыя шасі і НРК.
Мінабароны Украіны не агучыла тактычна-тэхнічныя характарыстыкі новага ўкраінскага ўдарнага НРК з аўтаматамі Калашнікава. Невядома таксама яго назва.
Аднак ТТХ аўтаматаў Калашнікава агульнавядомыя, таму можна прыблізна ўявіць, на што здольны гэты новы ўкраінскі робат.
Паводле інфармацыі Мінабароны, новы ўдарны НРК цяпер выпрабоўваюць у пяці падраздзяленнях Сіл абароны Украіны. Напрыклад, у ЦСО СБУ «Альфа».