«Усю душэўнасць перакрэслілі сухім разлікам праз участковага»
- 28.08.2026, 9:11
Мінчанка шукала таго, хто знайшоў і вярнуў яе кашалёк, але справа набыла нечаканы паварот.
На мінулым тыдні мінчанка Яна згубіла кашалёк. Неабыякавы чалавек яго знайшоў і аднёс у міліцыю. Рэч перадалі гаспадыні, але дадзеныя мужчыны не паведамілі. Яна пачала шукаць яго праз сацсеткі, але ён раптам аб’явіўся сам: праз участковага папрасіў узнагароду за добрую справу. Пра гэтую гісторыю Яна распавяла ў Threads. Даведаліся, ці абавязаная дзяўчына яму заплаціць, піша «Зеркало».
Нядаўна Яна напісала ў Threads, што ў Мінску ў раёне вуліцы Жукоўскага згубіла кашалёк, у якім ляжала «буйная сума». Адбылося гэта ў чацвер, 20 жніўня. У той жа дзень яна падала заяву ў міліцыю.
— На шчасце, свет трымаецца на цудоўных і сумленных людзях! Ужо ў суботу неабыякавы мужчына прынёс яго і здаў у мясцовы апорны пункт міліцыі, — распавядала ў сваім пасту дзяўчына.
Паводле слоў дзяўчыны, на гэтым тыдні супрацоўнікі знаходку ёй вярнулі. Аднак кантакты чалавека не далі. Патлумачылі гэта «правіламі канфідэнцыйнасці».
— Я вельмі хачу знайсці вас, каб асабіста сказаць дзякуй! — адзначала ў сацсетках аўтарка паста і прасіла зрабіць рэпост яго жыхарам вуліц Аэрадромнай, Жукоўскага, Варанянскага. — Давайце дапаможам добраму чалавеку пачуць заслужанае дзякуй!
Як аказалася, шукаць мужчыну прыйшлося нядоўга. Ён даў пра сябе ведаць сам. Праз некалькі гадзін пасля паста-пошуку ў Threads дзяўчыны з’явіўся яшчэ адзін запіс. Пачынаўся ён са слоў «Уявіце, які сюр?!»
— Проста шок… Паглядзіце мае апошнія пасты! — эмацыйна адзначыла яна. — Я тут па ўсім інтэрнэце шукаю чалавека, [які] знайшоў мой кашалёк на Жукоўскага, каб па-людску сказаць дзякуй і аддзячыць. Радуюся, што свет трымаецца на добрых людзях… І ведаеце што?! Ён знайшоўся сам! Але не ў каментарыях. Ён пайшоў проста да ўчастковага і хоча запатрабаваць з мяне ўзнагароду ў працэнтах паводле закону!
У каментарах дзяўчына адзначыла, што першапачаткова і сама хацела аддзячыць гэтаму чалавеку. Пакінула супрацоўнікам свой нумар і нават ператэлефаноўвала ім з пытаннем, ці звязаліся яны з ім. Але на той момант да яго яшчэ не дазваніліся.
— Думала сустрэцца, па-людску спытаць, што яму трэба. Купіць прыстойны, добры пакет з далікатэсамі, бутэльку чаго-небудзь смачнага і дарагога або тыя ж грошы даць — мне не шкада! — у сваім акаўнце дзялілася планамі яна. — Крыўдна не з-за грошай, а з-за таго, што ўсю гэтую душэўнасць перакрэслілі сухім разлікам праз участковага. Гэта зусім адбіла ўсялякае жаданне [каго-небудзь дзякаваць]…
У каментарах Яна піша, што цяпер прынцыпова добраахвотна нічога плаціць мужчыне не збіраецца.
— Гэта проста агідны ўчынак. Міліцыя мяне ні да чаго прымусіць не можа, — упэўнена мінчанка. — Дык што, калі яму так пячэ, няхай падае ў суд, плаціць пошліну і спрабуе спагнаць. Аблягчаць яму задачу я дакладна не збіраюся!
Паводле слоў Яны, больш за ўсё ў гэтай сітуацыі яе закранула тое, што, атрымліваецца, няма ніякага «бескарыслівага дабра».
— Проста халодны разлік. У мяне проста няма слоў, адны эмоцыі… — адзначыла яна ў пасту. — Падкажыце, калі ласка, як так магчыма?! З аднаго боку — дзякуй, што не забраў усё сабе. З другога — застаўся нейкі максімальна дзіўны і непрыемны асадак.
Што кажа закон?
Як бы гэта ні гучала дзіўна, але той, хто знайшоў рэч і вярнуў яе ўладальніку, сапраўды можа запатрабаваць за яе ўзнагароду. Гэта прапісана ў арт. 230 Грамадзянскага кодэкса. Сума ўзнагароды складае да 20% ад кошту знойдзенага. Пры неабходнасці да гэтых грошай могуць дадаць і кампенсацыю выдаткаў за захоўванне згубленага, удакладняе Святлана Галоўнева, юрыстка праваабарончага цэнтра «Вясна». У той жа час, калі знаходка мае каштоўнасць толькі для яе гаспадара, то ўзнагарода прызначаецца па пагадненні бакоў.
— Калі ўладальнік не згодны з патрабаваннем аб узнагародзе, ён можа адмовіцца плаціць добраахвотна. Тады спагнанне адбываецца праз суд, — тлумачыць суразмоўніца. — Дарэчы, той, хто знайшоў, можа ўтрымліваць знаходку ў сябе да выплаты «ўзнагароды» або пакуль суд не прыме рашэнне.
На практыцы гэта выглядае так. Прадстаўце, чалавек убачыў чужы кашалёк. Аднёс яго ў міліцыю, там рэч аформілі. І, калі грамадзянін хоча, забірае яе сабе на захоўванне. Трымае яе ў сябе да таго моманту, пакуль не атрымае ўзнагароду. Пры гэтым карыстацца гэтым кашальком і яго змесцівам нельга.
Беларус заплаціў аліменты на дзіця за ўсе гады наперад, але суд абавязаў яго плаціць зноў. Чаму так адбылося
У выпадках, калі дамовіцца па велічыні «дзякуй» не атрымліваецца, з гэтым таксама дапамагае суд.
— Як вызначаюцца гэтыя «да 20%» паводле закону? Трэба глядзець сярэдні кошт рэчы і адымаць знос. У выніку сума можа быць меншая, чым 20% ад цаны, — тлумачыць Святлана Галоўнева. — Таксама крытэрыем [для вызначэння выплаты] можа быць тое, колькі часу і высілкаў патрабавала вяртанне, ці самастойна чалавек шукаў уладальніка, каштоўнасць (суб’ектыўная) рэчы для ўладальніка, ці складана было такую рэч захоўваць (можа, яна вялікая або цяжкая).
Пры гэтым, як піша выданне myfin.by, той, хто атрымаў за знаходку ўзнагароду, абавязаны заплаціць з гэтай сумы падаходны падатак у памеры 13%.