Аляксей Венедыктаў: Лаўроў сыдзе ў адстаўку
- 28.08.2026, 15:55
Апошнім часам кіраўнік МЗС РФ кажа «неабавязковыя словы».
Міністр замежных спраў краіны-агрэсара Расіі Сяргей Лаўроў хацеў сысьці ў адстаўку. Пра гэта ў эфіры праекта «Жывы цвік» паведаміў расійскі журналіст, былы галоўны рэдактар расійскай радыёстанцыі «Эха Масквы» Аляксей Венедыктаў. Відэа было апублікавана 28 жніўня на YouTube.
Венедыктаў узгадаў пра Лаўрова ў кантэксце магчымых перамен у РФ пасля выбараў у Дзяржаўную думу гэтай восенню. Ён адзначыў, што не верыць, што пасля гэтых выбараў адбудзецца змена ўрада, тым больш што, згодна з Канстытуцыяй краіны-агрэсара, урад складае свае паўнамоцтвы не перад нанава абранай Дзяржаўнай думай, а перад нанава абраным прэзідэнтам.
«Але калі гаварыць пра замену такіх ключавых фігур, то я б хутчэй сказаў, што Лаўроў сыдзе ў адстаўку і прыгледзеўся б да намесніка міністра Міхаіла Галузіна на гэтае месца», — сказаў Венедыктаў.
Ён дадаў, што, на яго думку, Лаўроў апошнім часам кажа «неабавязковыя словы».
«Ён [Лаўроў] гаворыць як прэс-сакратар МЗС, а не як МЗС. Увогуле, вялікай розніцы паміж ім і [прэс-сакратаркай расійскага МЗС Марыяй] Захаравай я цяпер не бачу ў публічнай прасторы», — падкрэсліў журналіст.
На пытанне, чаму так сталася і што адбылося, ён указаў, што той, напэўна, стаміўся.
На ўдакладненне пра тое, што раней хадзілі чуткі пра жаданне Лаўрова сысьці ў адстаўку, Венедыктаў адказаў сцвярджальна.
«Хацеў. Але яго не адпусцілі», — паведаміў ён.