У Мінску заўважылі велізарныя чэргі за кватэрамі
- 28.08.2026, 18:54
Людзі займалі чаргу з ночы.
Ля будынка УКС Заводскага раёна на Партызанскім праспекце ў Мінску сабраўся ўнушальны натоўп — дзясяткі людзей выбудаваліся ў шарэнгу, каб падаць заяву на куплю жылля ў новым жылым комплексе, які ўзводзіцца ў раёне вуліцы Макаёнка, паблізу станцыі метро «Маскоўская». Пра гэта паведамляе Mlyn.by.
Прэтэндаваць на жыллё ў новабудове могуць чаргавікі — прычым нават без накіравання ад мясцовага выканкама. Дом будуюць па маналітнай тэхналогіі, і забудоўшчык выставіў на продаж 33 аднапакаёвыя кватэры, 31 двухпакаёвую і 16 трохпакаёвых. Плошча аднапакаёвак складае 42–44 «квадраты», двухпакаёвак — 58–62, а трохпакаёвак — каля 77 квадратных метраў.
Кошт квадратнага метра ўстаноўлены на ўзроўні 3800 рублёў (прыкладна 1252 долары). Аднак акрамя самой кватэры пакупніку абавязкова трэба набыць паркавальнае месца, а яно абыдзецца нятанна — у 85 тысяч рублёў.
Гэтую лічбу пракаментавала вядомая экспертка па нерухомасці Наталля Літоўская ў сваім Telegram-канале. Паводле яе меркавання, менавіта так забудоўшчыкі кампенсуюць абмежаванні на маржу: закон дазваляе пры долевым будаўніцтве закладаць у кошт жылля толькі сабекошт плюс 5% прыбытку, тады як на кошт паркінгаў падобных абмежаванняў не існуе — адсюль і завышаныя сумы.
Нягледзячы на дарагія машынамесцы, попыт на кватэры ў новым квартале застаецца высокім.
Людзі займалі чаргу з ночы
У сацсетках ужо публікуюць фатаграфіі з месца падзей. Паводле слоў відавочцаў, першыя ахвотныя падцягнуліся яшчэ напярэдадні ўвечары. Наталля Літоўская распавяла, што, прыехаўшы на месца, апынулася 220-й у спісе, а запісацца ў новы сшытак ёй ужо не дазволілі — арганізатары папрасілі дачакацца наступнай дэкларацыі.
Экспертка ўдакладніла, што падобныя чэргі з самаробнымі сшыткамі для запісу ўзнікаюць стыхійна — людзі самі іх арганізуюць, а забудоўшчыкі да гэтага працэсу дачынення не маюць. Наступнага дня чарга, як і чакалася, стала яшчэ даўжэйшай.
Галоўнай прычынай такога ажыятажу называюць размяшчэнне будучага дома — у крокавай даступнасці ад станцыі метро.