«Рэкорды б'юць Брэст і Баранавічы»
- 28.08.2026, 19:13
Колькі цяпер чакаюць польскую працоўную візу.
Калі вы падаяце дакументы на працоўную візу ў Мінску, варта разлічваць не менш чым на тры месяцы чакання. Такімі ацэнкамі дзеліцца спецыялістка па легалізацыі Антаніна П. MOST пагаварыў з ёй пра тое, як цяпер афармляюць працоўныя візы, з-за чаго найчасцей адмаўляюць і што рабіць, калі чалавек прыехаў у Польшчу для працы ў адной кампаніі, але вырашыў змяніць яе на іншую.
Якія дакументы патрэбныя ад працадаўцы
Першы крок у афармленні працоўнай візы — атрымаць дакумент, які пацвярджае права на працу ў Польшчы ў канкрэтнага працадаўцы, так званае працоўнае запрашэнне. Форма гэтага дакумента вызначаецца грамадзянствам заяўніка і ўплывае на далейшыя тэрміны.
— Для грамадзян Украіны, Беларусі, Арменіі і Малдовы падыдзе oświadczenie o powierzeniu wykonywania pracy — спрошчанае паведамленне аб працаўладкаванні. Яго заказвае працадаўца, афармляюць у urząd pracy (упраўленні працы. — Заўв. MOST) да сямі дзён, каштуе гэта 400 злотых, — кажа Антаніна.
Тым, хто не падпадае пад спрошчаную працэдуру, патрэбна zezwolenie typu A — поўнавартасны дазвол на працу. Яго афармленне можа займаць сем-восем месяцаў.
Колькі чакаць візу
Тэрміны атрымання візы залежаць ад горада падачы.
— Рэкорды цяпер б'юць Брэст і Баранавічы — там самы хуткі выклік на падачу дакументаў пасля рэгістрацыі ў візавым цэнтры, даступныя даты могуць прыслаць ужо на працягу 10 дзён. А вось у Мінску людзі чакаюць мінімум 60 дзён толькі паведамлення пра тое, што з'явіліся даступныя даты, а потым яшчэ тыдзень-паўтары сыходзіць на сам запіс. Калі падаяцеся ў Мінску, закладвайце мінімум тры месяцы да атрымання візы на рукі, — распавядае Антаніна.
Чаму адмаўляюць
Бываюць выпадкі, калі нават пры падачы поўнага пакета дакументаў беларусы атрымліваюць адмову.
— Адмова можа быць звязаная і з самім працадаўцам — напрыклад, калі ў яго ўжо былі праблемы з іншымі супрацоўнікамі-замежнікамі, — кажа Антаніна.
Прычына адмовы тлумачыцца ў асобным дакуменце, які выдаюць разам з пашпартам. Найчасцей гэта так званы 10-ы пункт. Ён азначае, што ў консула ёсць сур'ёзныя падставы лічыць абгрунтаванне для візы несапраўдным. Адмова па такой прычыне можа выносіцца, напрыклад, калі консул падазрае, што заяўнік прыклаў фіктыўнае запрашэнне — то-бок дакумент ад кампаніі, дзе не збіраецца працаваць, або якая раней не працаўладкоўвала запрошаных замежнікаў.
У такім выпадку можна падаць апеляцыю, але разглядаць яе будзе той жа консул.
Як адрозніць фіктыўнае запрашэнне ад сапраўднага
Разабрацца, фіктыўнае запрашэнне ці не, паводле слоў Антаніны, даволі складана.
— Агульнадаступнай базы, дзе можна праверыць oświadczenie па прозвішчы, проста не існуе, — кажа Антаніна.
Можна праверыць, ці існуе кампанія-працадаўца, указаная ў дакуменце, ці супадае падатковы нумар NIP, нумар REGON, адрас, дакладная назва. Гэта можна зрабіць тут. А тут дадаткова можна праверыць звесткі аб дзяржаўнай рэгістрацыі працадаўцы ў Польшчы.
Што будзе пры змене працадаўцы
Працоўная віза афармляецца для працы ў пэўнага працадаўцы. Аднак гэта не азначае, што чалавек абавязаны працаваць у яго да заканчэння візы.
— Калі вы не прыступаеце да працы ў заяўленую ў дазволе дату, працадаўца абавязаны паведаміць пра гэта ў urząd pracy на працягу 14 дзён з пачатку дзеяння дазволу і адклікаць яго. А калі ўладкоўваецеся да іншага працадаўцы, то ён абавязаны аформіць новае oświadczenie і падпісаць дамову. Парушэння закона тут няма: віза выдадзена пад аднаго працадаўцу, але вы знайшлі працу ў іншага, дамова аформленая афіцыйна і адпраўленая ў urząd pracy — і вы спакойна працягваеце працаваць па гэтай жа візе ўжо ў новага працадаўцы, — тлумачыць Антаніна.
Калі пераходзіць на карту побыту
Тым, хто плануе застацца ў Польшчы надоўга, рана ці позна даводзіцца выбіраць паміж працоўнай візай і картай часовага побыту.
— Я б раіла падавацца [на ВНЖ] адразу, калі вы наогул плануеце жыць у Польшчы — неважна, у гэтага працадаўцы [плануеце далей працаваць] ці ў іншага. Цяпер у Варшаве сярэдні час чакання карты побыту — паўтара-два гады, — кажа Антаніна.
Ёсць і тыя, хто аддае перавагу больш простаму на першы погляд шляху — жыць на візе і час ад часу ездзіць у Беларусь, каб рабіць новую. Але, на думку Антаніны, з улікам таго, як растуць тэрміны чакання, сэнсу ў гэтым варыянце становіцца ўсё меней.
— Камусьці такі варыянт усё адно бліжэй — тут ужо асабістая справа кожнага. Але факт застаецца фактам: карта побыту ўспрымаецца ў Польшчы зусім інакш, чым віза, нават пяцігадовая або дзесяцігадовая. Для банкаў, уладальнікаў кватэр, ды і наогул для грамадства карта побыту — гэта куды больш сур'ёзны дакумент, чым звычайная віза, — падсумоўвае Антаніна.