BE RU EN

Разыскваны ва Украіне чыноўнік-карупцыянер знайшоўся ў Беларусі

  • 28.08.2026, 19:54

Лукашэнкаўскі рэжым знайшоў для яго «цёплую пасаду».

Адзін з бізнесменаў, што прыйшлі на «цімбілдынг» у Палац незалежнасці, — Раман Вепрыцкі, былы топ-менеджар Украінскай чыгункі, якога абвясцілі ў вышук па карупцыйных артыкулах. З верасня 2022 года на радзіме ён афіцыйна лічыцца зніклым бяз вестак. «Зеркало» выявіла, што былы чыноўнік жыве ў Беларусі: кіруе заводам, звязаны з праўладным фондам і ўжо паспеў пагутарыць з прэм’ер-міністрам на нядаўняй сустрэчы ў палацы.

Фото: Facebook/unian.ua

Галавакружная кар’ера і абвінавачанні ў «схемах»

«У адрозненне ад большасці ўкраінскіх палітыкаў і бізнесменаў, Раман Сяргеевіч мае не адну, а адразу пяць вышэйшых адукацый», — пісаў пра Вепрыцкага ананімны аўтар. Відаць, у некаторых ВНУ ён вучыўся паралельна — урэшце стаў дыпламаваным дзяржаўным управленцам, менеджарам, землеўпарадчыкам, чыгуначнікам і доктарам юрыдычных навук у адной асобе. З 2009 года ён працаваў на дзяржаўных пасадах у Дняпрапятроўскай і Харкаўскай абласцях, у 2015-м стаў дэпутатам абласной рады.

У 2017 годзе Вепрыцкі перайшоў у рэгіянальнае падраздзяленне Украінскай чыгункі, неўзабаве ўзначаліў мясцовы філіял. Ужо ў лютым 2020 года павысіўся да дырэктара па інфраструктуры ў матчынскай кампаніі, яшчэ праз пару месяцаў стаў членам праўлення. Выданне «Стопкор» называла гэтае рашэнне «адным з найбольш дзіўных за апошнія тыдні», а кіраўніка — «адным з галоўных аўтараў ценявых схем у чыгуначнай сферы».

Фото: aspi.com.ua

Узлёт скончыўся праз месяц: Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны правяло вобшукі ў кіраўніка дома і на працоўным месцы. Дзяржаўныя аўдытары знайшлі ў яго дзейнасці фінансавыя парушэнні прыкладна на 100 мільёнаў грыўняў (каля 3,8 мільёна долараў на той момант). Яго спачатку адхілілі ад пасады, а пасля звольнілі.

Сам Вепрыцкі называў рашэнне перадузятым і сцвярджаў, што дзейнічаў паводле закона. У сваёй адстаўцы ён бачыў рэакцыю ўплывовых груп на яго публічнасць і спробы змагацца з карупцыйнымі схемамі ўнутры кампаніі.

Чым скончылася тая гісторыя, незразумела, украінскія СМІ больш пра яе не пісалі, сам менеджар сышоў з публічнай прасторы. Аднак праз два гады Нацыянальная паліцыя абвясціла Вепрыцкага ў вышук.

У яго картцы на сайце ведамства пазначана, што яго разыскуць па такіх артыкулах:

ч. 5 арт. 191 КК Украіны (Прысваенне, растрата маёмасці або завалоданне ёю шляхам злоўжывання службовым становішчам у асабліва буйных памерах або групай асоб);

ч. 2 арт. 366 КК Украіны (Службовы падлог, які пацягнуў за сабой цяжкія наступствы).

Вепрыцкага хацелі ўзяць пад варту, але не змаглі адшукаць. У выніку прызналі зніклым з верасня 2022 года — у гэтым статусе ён застаецца і цяпер.

Новае жыццё ў Беларусі

Усе вышэйпералічаныя падзеі не перашкодзілі Раману Вепрыцкаму знайсці працу ў Беларусі ў 2024 годзе. Ён стаў дырэктарам завода «Ізамат-комплект», які вырабляе крапежныя элементы. Сам завод знаходзіцца ў Івацэвічах Брэсцкай вобласці, а склад і офіс — у Мінску.

Фото: izk.by

Фота на сайце і ў сацсетках прадпрыемства паказваюць: заводам кіруе не проста аднапрозвішчанін, а той самы чалавек, якога шукаюць ва Украіне. Сэрвіс Amazon Recognition ацэньвае верагоднасць супадзення ў 99,9%.

Вепрыцкі таксама звязаны з праўладным Беларускім фондам міру. Яго можна бачыць на мерапрыемствах арганізацыі, у публікацыях яго прадстаўляюць дарадцам старшыні праўлення Максіма Місько. Пры гэтым на сайце фонду такая пасада не згадваецца.

Фото: church.by

Нядаўна Вепрыцкі прыязджаў у мінскі Палац незалежнасці на сустрэчу прадпрымальнікаў з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным. Судзячы па фотасправаздачы, ён паспеў звярнуцца да чыноўніка з пытаннем (а магчыма — з прапановай).

Фото: БЕЛТА

Цікава, што былы чыноўнік прывёз у Беларусь не толькі цікавасць да бізнесу і грамадскай дзейнасці, але і хобі. На старонцы Вепрыцкага ў «Вікіпедыі» нехта склаў доўгі спіс яго ўзнагарод і дасягненняў — напрыклад, медаль «Лідары XXI стагоддзя», ордэн «Патрыёт Украіны», першая дзеючая копія кіеўскага вакзала.

У тым жа спісе — самая вялікая ва Украіне калекцыя фігурак сланоў. Да ад’езду іх было 3700, дэпутат нават уключаў іх у свае штогадовыя дэкларацыі. У Беларусі Вепрыцкі ўступіў у аб’яднанне калекцыянераў, а гэтым летам атрымаў для сваёй калекцыі спецыяльны сертыфікат. Дарэчы, яна падрасла: фігурак ужо больш за чатыры тысячы.

Апошнія навіны