У Беларусі мука можа падаражэць на 51%
- 28.08.2026, 22:13
Улады хочуць увесці рэгуляваную цану на гэты прадукт.
У Беларусі ў жніўні–верасні можа вырасці кошт мукі першага і вышэйшага гатункаў. Пра гэта паведаміла намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Святлана Караткевіч.
Паводле даных «Белдзяржхарчпрама», асобныя прадпрыемствы разглядаюць магчымасць павышэння цэн на муку адразу на некалькі працэнтаў. У залежнасці ад вытворцы рост можа скласці ад 6% да 51,6%, паведамляюць расСМІ.
Сярод прадпрыемстваў, якія могуць перагледзець кошт прадукцыі, называюць Мінскі, Клімавіцкі і Гомельскі камбінаты хлебапрадуктаў. У Мінгандлі заявілі, што маюць намер праверыць інфармацыю пра магчымы рост цэн. У ведамстве нагадалі, што ў краіне працягвае дзейнічаць пастанова №713, якая рэгулюе кошт сацыяльна значных тавараў.
Калі інфармацыя пра павышэнне цэн пацвердзіцца, улады маюць намер прыняць адпаведныя меры ў межах заканадаўства.
Караткевіч таксама падкрэсліла, што прынцып «справядлівай цаны» датычыцца не толькі гандлёвых арганізацый, але і вытворцаў. Паводле яе слоў, неабгрунтаваны рост кошту сыравіны і прадукцыі вытворцаў у выніку адбіваецца на цэнах для пакупнікоў.
Намесніца міністра заклікала вытворцаў і прадстаўнікоў гандлю не спрабаваць атрымліваць кароткатэрміновую выгаду за кошт істотнага павелічэння кошту тавараў.