«Гэта адбываецца ўпершыню ў гісторыі»
- 28.08.2026, 22:55
Зяленскі абяцае Расіі магутны эканамічны ціск.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што рух суднаў праз расійскі порт Наварасійск фактычна спыніўся. Пра гэта ён паведаміў у вечаровым звароце па выніках пасяджэння Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага 28 жніўня. Стэнаграму выступу апублікавала прэс-служба кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.
Паводле слоў Зяленскага, абмежаванні ў працы порта ўжо адбіваюцца на расійскім экспарце. Прэзідэнт таксама заявіў, што эканамічныя наступствы для Расіі будуць узмацняцца, калі Масква не зменіць пазіцыю ў пытанні завяршэння вайны.
«Расія ўпершыню ў гісторыі імпартуе бензін, траціць сродкі бюджэту фактычна на падтрымку нафтавых кампаній. І такіх страт у іх будзе яшчэ больш, калі Расія не хоча нармальна гаварыць пра заканчэнне гэтай вайны. Былі таксама даклады нашых вайскоўцаў па Наварасійску: ужо дасягаецца наш вынік, што ніводнае судна ў іх Наварасійск не заходзіць і з порта не выходзіць. І кожныя такія суткі без руху ў Наварасійску — гэта ўнёсак у зніжэнне расійскага ваеннага патэнцыялу. Абавязкова знойдзем спосабы заблакаваць і іншыя іх порты. І мы не пачыналі гэтую вайну, і цалкам справядліва мы адказваем на расійскія дзеянні», — адзначыў Зяленскі.
Кіраўнік украінскай дзяржавы таксама спаслаўся на даныя начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Алега Івашчэнкі. Згодна з інфармацыяй, якую прыводзіць Зяленскі, унутраныя расійскія дакументы сведчаць пра скарачэнне асобных напрамкаў экспарту на 80% толькі за жнівень.
Украіна наносіць удары па Наварасійску на фоне працяглых расійскіх атак на ўкраінскую партавую інфраструктуру.
У ноч на 12 жніўня ўкраінскія сілы правялі маштабную камбінаваную атаку на расійскую ваенна-марскую базу ў Наварасійску. Паводле даных Генштаба Узброеных Сіл Украіны, у выніку былі пашкоджаныя чатыры расійскія караблі, сярод якіх фрэгаты «Адмірал Макараў» і «Адмірал Эсэн».