BE RU EN

«Даўно такога не было»

  • 29.08.2026, 10:42

Як цяпер беларусы праходзяць мяжу.

Крыху менш за тыдзень таму выданню MOST стала вядома пра некалькі выпадкаў, калі на беларуска-польскай мяжы пасля «бесед» з супрацоўнікамі спецслужбаў накіроўвалі на асабісты агляд аж да распранання. На гарачай лініі ДПК пазней тлумачылі: накіраванне на асабісты агляд пасля допыту КДБ — выключэнне, так робяць выбарачна. А выпадкі распранання — яшчэ большая рэдкасць. А як цяпер беларусы праходзяць польскую мяжу? «Зеркало» прааналізавала спецыялізаваныя чаты за апошні тыдзень.

Выезд з Беларусі аўтобусам: калі без падсадкі, то ад 13 да 25 гадзін

У чатах, прысвечаных перасячэнню мяжы, актыўна абмяркоўваюць сітуацыю ў пунктах пропуску. Перыяд адпачынкаў падыходзіць да канца — многія вяртаюцца ў Беларусь. Адзін з найпапулярнейшых — чат пункта пропуску «Тэрэспаль — Брэст» для тых, хто едзе аўтобусам.

Як пішуць карыстальнікі, за апошні тыдзень час чакання на мяжы складаў ад трох да 13,5 гадзін.

Так, напрыклад, Яўген выехаў з Мінска 25 жніўня а 20:30 з перавозчыкам «БайерТранс». У чаргу аўтобус стаў у 01:10, але пашпартны кантроль на беларускім баку пасажыры прайшлі толькі ў 11:15.

— Доўга стаялі да пашпартнага, трапілі, відаць, на перазмену каля васьмі раніцы, — разважае мужчына. — Хто спяшаецца, пасля праходжання польскага пашпартнага можна прасіцца ў аўтобусы, мікрааўтобусы і легкавыя, якія выязджаюць з рэнтгена раней за ваш аўтобус. Яны праязджаюць міма таго месца, дзе ўсе чакаюць аўтобус.

Каб не стаяць так доўга ў чарзе, Яўгену параілі перасесці ў найбліжэйшы да шлагбаума аўтобус яго перавозчыка. Такая практыка ў пункце пропуску захавалася дагэтуль. У чаце пішуць і цэны: 50 еўра для дарослага і 25 еўра для дзіцяці. Але Яўгену не пашанцавала — аўтобусаў яго кампаніі ў чарзе не было.

— Але такая опцыя ёсць, я таксама ўдакладняў пры пасадцы. Па сваім жа білеце можна без даплаты ў аўтобус «БайерТранс», калі ёсць месцы, — падсумаваў ён.

Але гэта не рэкорд апошніх дзён. Так, 23 жніўня ехала і Дар’я. Аўтобус перавозчыка PlusBus стаў на мяжу а 20:40. Перад ім было 24 аўтобусы і пяць маршрутак. Беларускі пашпартны кантроль пасажыры прайшлі праз 17 гадзін — а 13:45 ужо наступнага дня. З польскага пункта пропуску яны мусілі выехаць а 19:30, але зрабілі гэта толькі а 22:15.

— У аднаго пасажыра была праблема з візай, і з-за гэтага затрымка склала амаль тры гадзіны. Таму мараль — правярайце дзейнасць сваіх віз, — распавяла Дар’я. — У выніку 25,5 гадзіны на мяжы.

У цэлым такія выпадкі — хутчэй выключэнне. Згодна з паведамленнямі ў чаце, беларусы перасякаюць мяжу ў пункце пропуску «Тэрэспаль» хутчэй — у сярэднім за шэсць-дзевяць гадзін, максімум — за дзесяць.

Так, напрыклад, 26 жніўня аўтобус Уладзіміра прыбыў на мяжу ў 16:10, а выехаў з польскага пункта пропуску праз 10,5 гадзіны.

— Выехалі ад палякаў толькі ў 2:45 па РБ, таму што аўтобус загналі на яму на агляд. Транспарт быў на рэгістрацыі Беларусі (іншыя беларускія праганялі праз рэнтген), — адзначыў мужчына. — На польскім баку пасля пашпартнага кантролю адразу на выезд.

Кацярына праходзіла мяжу 26 жніўня і патраціла на ўсё разам 8,5 гадзіны. Рыце пашанцавала больш. Яе аўтобус 25 жніўня стаў у чаргу ў 21:15, а выехаў з польскага пункта пропуску праз крыху больш за сем гадзін. У Алекса мяжа заняла яшчэ менш — шэсць гадзін і дзесяць хвілін. Але мужчына перасаджваўся ў аўтобус бліжэй.

— Багаж прасвечвалі рэнтгенам, тры аўтобусы на польскіх нумарах праехалі без рэнтгена. А 18:17 выехалі ад палякаў. Перад выездам два польскія аўтобусы аб’ядналі ў наш. У кожным было па 12–15 пасажыраў. Потым у Тэрэспалі гэты аб’яднаны аўтобус перасадзілі ў яшчэ адзін, які, як высветлілася, насамрэч ехаў у Варшаву, — распавёў мужчына.

У пункце пропуску «Бераставіца», праз які прапускаюць толькі аўтобусы, сітуацыя лепшая. Тут, у прынцыпе, меншыя чэргі і няма практыкі «падсадкаў». Так, 26 жніўня Аляксандр перасек мяжу за 2 гадзіны 45 хвілін.

— А 12:58 пад’ехалі да мяжы, адразу заехалі пад шлагбаум. Перад намі нікога, за намі адразу пад’ехаў гродзенскі аўтобус, — распавёў мужчына. — А 15:42 выехалі з польскага пункта пропуску.

Прыблізна за такі ж час мяжу 26 жніўня перасеклі Марына і Святлана. Але, зноў жа, так шанцавала не ўсім і не заўсёды. Напрыклад, у мужчыны з Гродна ў ноч з 25 на 26 жніўня перасячэнне мяжы заняло шэсць гадзін. Столькі ж — у Ірыны, якая ў тую ж ноч выехала з Гродна. Былі і тыя, хто траціў менш часу. Так, аўтобус Алены прыбыў на мяжу 25 жніўня а 15:00, а з польскага пункта пропуску выехаў праз чатыры гадзіны.

— Затрымка была на польскай мяжы з-за дэкларавання ў некалькіх чалавек. Дагляд быў толькі праз сканер, — распавяла яна.

— Адзін аўтобус на мяжы, і ўсё роўна пяць гадзін ні з чаго, — паскардзілася ўдзельніца чату.

У чатах спрачаюцца пра прычыны такіх чарг у «Тэрэспалі». Беларусы вінавацяць «бомбілаў», якія ездзяць з палівам у Польшчу, а таксама кіроўцаў перавозчыкаў, якія зарабляюць на падсадках.

— Зараз на падсадным польскім аўтобусе еду, кіроўца па тэлефоне каардынуецца з іншымі, хто калі пад’едзе, каб заўтра зноў стварыць затор у напрамку РБ-РП (Беларусь — Польшча. — Заўв. рэд.). Цяпер абсалютна дакладна чэргі РБ-РП ствараюцца штучна, — лічыць Алекс.

— Спадзяюся, калі-небудзь гэта скончыцца. Напрыклад, каб забаранілі пустым аўтобусам без пасажыраў становіцца ў чаргу, — дадае іншая ўдзельніца чату.

— Напрыклад, каб за падсадку нармальныя штрафы лупілі менавіта пасажырам і здымалі з рэйса — вось тады гэтыя бомбілы і ліквідуюцца. А пакуль «скакуны» скачуць з валютай на падсадку, гэта ніколі не скончыцца — гэта відавочна любому здароваму розуму, — кажа трэцяя. — Там няма ніякіх вызначаных рэйсаў (напрыклад, як на Літву, дзе ёсць ліміт дазволеных маршрутаў). А ў Польшчу — хоць пяцьсот разоў за дзень уязджай-выязджай. Дык чаму б не ўехаць, не заліць саляркі на запраўцы і не зрубіць грошай на «скакунах». Сама асабіста бачыла, як вадзілы носяцца па «стометровцы» ўзад-уперад і ледзь не сілком чамаданы з рук вырываюць, каб менавіта ў свой бус паболей народу заталкаць, калі пад’яжджае чарговы аўтобус і становіцца ў канец чаргі. Усё да крайнасці проста.

Выезд з Беларусі на аўтамабілі: электронная чарга — да некалькіх сутак, мяжа — ад двух да чатырох гадзін

Сітуацыя з аўтамабілямі ў «Тэрэспалі» значна лепшая, чым з аўтобусамі. Сярэдні час перасячэння мяжы — 3–5 гадзін.

— 14:45 — прыбыццё на мяжу. 15:20 — пакінулі беларускі пункт пропуску. А 16:25 уехалі на польскі, а ў 18:30 з’ехалі з мяжы, — дзяліўся ў чаце Андрэй 24 жніўня.

Аналагічная сітуацыя была і ў Юрыя. Ён прыбыў на мяжу а 9:16, а выехаў з польскага пункта пропуску а 13:35. Марыне пашанцавала больш: на перасячэнне мяжы яна патраціла 3 гадзіны 20 хвілін.

Пры гэтым час чакання ў электроннай чарзе можа даходзіць да трох сутак.

— 23 жніўня зарэгістраваліся ў чарзе 1385-мі. Вызвалі нас 26-га, чаканне ў чарзе склала два дні і 22 гадзіны, — распавядае Ася 27 жніўня.

— Мы зарэгістраваліся 1270-мі, чаканне заняло 69 гадзін, то-бок прапускалі прыблізна 18,4 машыны на гадзіну, — напісала Марыя 23 жніўня. — Калі рэгістраваліся, хуткасць была 21 машына на гадзіну і прыкладна 480–490 машын у суткі, але потым усё запаволілася. І хоць пры разліку спадзяваліся на выклік на 16 гадзін дня, выклікалі толькі а 19:15. Мяжу прайшлі за чатыры гадзіны.

У «Брузгах», праз якія едуць толькі легкавыя аўтамабілі, час чакання ў электроннай чарзе расцягваецца на суткі. Часам крыху менш. Пры гэтым праходжанне мяжы займае ад двух да трох гадзін. Напрыклад, Міраслаў стаў у чаргу 26-га а 15:50, а выехаў з польскага пункта пропуску а 19:00.

Яшчэ адна ўдзельніца чату — Кацярына — у той жа дзень справілася хутчэй, за тры гадзіны. Але яна ехала з грудным дзіцём, таму яе прапусцілі па-за чаргой. Наталля і ўвогуле прайшла мяжу 27 жніўня менш чым за дзве гадзіны.

— Зарэгістраваліся ў электроннай чарзе 347-мі 26 жніўня. Нас выклікалі ў зону чакання а 12:20, а а 14:00 мы выехалі з польскага пункта пропуску, — кажа жанчына.

У «Бераставіцы», як правіла, мяжу праходзяць хутчэй — за дзве–чатыры гадзіны. Так выйшла ў Лізаветы.

— А 02:30 былі на даглядзе ў беларусаў, а ў 5:26 выехалі ад палякаў, — распавядала дзяўчына 25 жніўня.

Можна прайсці мяжу і за дзевяць гадзін, як Андрэй. Але гэта, хутчэй, выключэнне.

Уезд у Беларусь аўтобусам: «Прабылі на мяжы ў суме 15 гадзін»

У цэлым за апошні тыдзень вяртанне праз польскую мяжу ў пункце пропуску «Тэрэспаль» займала ад чатырох да васьмі гадзін. Але можна завязнуць і даўжэй.

— Пераканаўчая просьба да ўсіх, хто ўязджае ў РБ, — правярайце вагу свайго багажу. У нас у аўтобусе адзін чалавек з перавесам у 5 кг трымае ўвесь аўтобус. Кіроўцам не дазволілі яго пакінуць, у выніку ўвесь аўтобус чакае аднаго чалавека паўтары гадзіны, — папрасіла Таццяна, якая перасякала мяжу ў ноч з 27 на 28 жніўня і патраціла 11 гадзін. Час беларускі.

Тады ж мяжу перасякаў і Іван. Яго аўтобус прыехаў у пункт пропуску крыху за паўноч, а выехаў — а чацвёртай гадзіне дня. У выніку амаль 16 гадзін.

— Мы прабылі на мяжы 15 гадзін у суме, — распавядала Святлана ў чаце 24 жніўня.

Ірына патраціла на перасячэнне мяжы 12 гадзін 27 жніўня. Яна адправілася ў Мінск з вакзала «Варшава Захадняя» а 21:45 па польскім часе. На мяжы яна была а 00:15, але толькі праз 12 гадзін яе аўтобус пакінуў польскі пункт пропуску.

У «Бераставіцы» ўсё значна хутчэй. Часцей за ўсё называюць сярэдні час — 2–3 гадзіны. Так было ў Дзмітрыя 28 жніўня.

— Ехаў на аўтобусе Беласток — Гродна. А 9:55 адразу ўехалі на мяжу, перад намі нікога не было. За 10 хвілін прайшлі палякаў, а а 10:30 пачалі праходзіць кантроль у нашых. Адного накіравалі на «беседу», плюс бусік — на рэнтген. А 12:00 выехалі з пункта пропуску, — адзначыў мужчына.

Але ёсць шчасліўчыкі, якія праходзяць мяжу яшчэ хутчэй. Так, Вольга пахвалілася ў чаце, што 27 жніўня змагла прайсці кантроль у абодвух пунктах пропуску за паўтары гадзіны.

Уезд у Беларусь на аўтамабілі: «Усё як на прагулцы, шыкоўна!»

Накіроўваючыся ў Беларусь з Польшчы, аўтамабілі ў пункце пропуску «Тэрэспаль» звычайна трацяць на перасячэнне мяжы ад двух да чатырох гадзін.

Так было ў Арцёма, які перасякаў мяжу 25 жніўня. Ці ў Алега, які 27-га а 9 раніцы быў 23-м у чарзе. Польскі кантроль ён прайшоў за дзве гадзіны і яшчэ дзве гадзіны правёў у беларускім пункце пропуску.

— Размова, дагляд рэчаў, рэнтген машыны, асабісты агляд, — коратка ахарактарызаваў ён.

Але ў чаце за апошні тыдзень ёсць і тыя, хто здзівіўся хуткасці праходжання мяжы. Напрыклад, Валянціна, якая перасякала мяжу ў пункце пропуску «Тэрэспаль» 24 жніўня, патраціла на ўсё 1 гадзіну 40 хвілін.

— А 9:00 апынуліся адразу за шлагбаумам, на зялёным — тры машыны. Праверка — багажнік адкрыць, павярхоўны агляд, праверка дакументаў, у т.л. страхоўкі — на ўсё 10 хвілін, — распавядае жанчына. — А 9:40 з’ехалі з моста ад нашых памежнікаў. А 10:40 прайшлі памежны кантроль.

Вольга ўвогуле заявіла, што прайшла мяжу за 50 хвілін і за гэты час паспела зазірнуць у д’юці-фры.

У «Бераставіцы» сітуацыя яшчэ лепшая. 24 жніўня ў Таццяны сышло на мяжу 40 хвілін.

— Польскую прайшлі за пяць хвілін. Машыну не глядзелі, мы нават не выходзілі. Беларускую — за 30–35 хвілін.

Але потым час павялічыўся — да гадзіны-дзвюх.

— Палякі машыну ўвогуле не глядзелі. У РБ папрасілі выкласці рэчы на стол. Дзве мяжы за гадзіну і дзесяць хвілін, — піша Вольга, якая ехала 24 жніўня.

Аляксандр вяртаўся ў Беларусь 25-га і кажа, што ўвесь кантроль прайшоў за дзве гадзіны.

— Усё як на прагулцы, шыкоўна! Не разумею, навошта людзі па восем гадзін стаяць у Брэсце, — здзівіўся мужчына.

У «Брузгах» сітуацыя прыкладна такая ж — ад 40 хвілін да пары гадзін — стандартны час на «зялёным» канале. На «чырвоным» даўжэй.

— Было мала машын, але начная змена адкрыта не хацела працаваць і цягнула да перазмены. У выніку тры гадзіны пры напаўпустой мяжы, — скардзіцца Вікторыя.

— Афармлялі часовы ўвоз. Рэчы ўсе выгрузілі, правялі выбарачны дагляд без рэнтгена. Абедзве мяжы прайшоў за тры гадзіны, — напісаў Віталь. — Палякі правяралі наяўнасць агнягасніка і аварыйнага знака практычна ва ўсіх.

«У адным аўтобусе было каля 15 украінцаў. Іх накіравалі на беседу»

З праблемных момантаў, акрамя «перазмены» і нараканяў на павольную працу супрацоўнікаў з нейкага боку, удзельнікі чата называюць дзве прычыны росту часу чакання.

Першая — больш дэталёвы дагляд мытнікаў.

— Гадзіну чакалі, каб зайсці да нашых, правяраюць старанна, многія чамаданы адкрываюць, — распавядала Кацярына 27 жніўня. З-за стараннага дагляду яна прайшла мяжу ў пункце пропуску «Бераставіца» амаль за пяць гадзін.

Другая прычына павелічэння часу чакання часта хаваецца ў допытах, якія праводзяць супрацоўнікі КДБ. У чатах іх называюць «беседамі», а тых, каго дапытваюць, — «праблемнымі пасажырамі». Гэта беларусы, якія трапілі ў базу «Беспарадкі» або доўга не былі ў краіне, а таксама замежнікі — найчасцей украінцы і расіяне.

Звычайна, згодна з паведамленнямі, такія «допыты» павялічваюць час чакання на гадзіну-дзве. І гэта пры тым, што кіроўцы просяць «праблемных» пасажыраў ісці наперад.

— Калі б не чакалі чалавека з «беседы», было б на гадзіну хутчэй, — упэўнены Артур, які ехаў праз «Тэрэспаль».

— У нашых плюс-мінус гадзіну страцілі з-за замежнікаў («беседы») і дэкларування, — адзначае Марыя.

Колькасць «праблемных» пасажыраў можа прыкметна адрознівацца.

— У адным аўтобусе было каля 15 украінцаў. Іх накіравалі на «беседу», — піша Таццяна, якая перасякала мяжу ў пункце пропуску «Тэрэспаль» 27 жніўня і там жа патраціла на яе пяць гадзін і 15 хвілін.

Пры гэтым некаторыя ўдзельнікі чата адзначаюць: калі ў аўтобусе няшмат «праблемных» пасажыраў, яны паспяваюць прайсці «беседы» яшчэ да таго, як правераць усіх.

— Тыя, хто хадзіў першымі і ведае, вяртаюцца да заканчэння кантролю. Чакаюць часцей тых, у каго правоз алкаголю або грошай звыш нормы, праблемы з дакументамі, пратэрмінаваны пашпарт, візы, тых, хто нешта дэкларуе, — кажа Ірына.

— Дазволю не пагадзіцца, не заўсёды першыя паспяваюць вярнуцца з «бесед», — лічыць Кацярына. — Я неяк ехала, і ў нас двух такіх людзей паклікалі на «беседу» яшчэ нават да таго, як аўтобус нармальна пад’ехаў да пашпартнага кантролю. Але ў выніку пасля ўвесь аўтобус прайшоў кантроль, а з «бесед» давялося чакаць яшчэ дадатковую гадзіну. У мінулым годзе ўвогуле мы чакалі тры гадзіны аднаго чалавека з размовы, які пайшоў самым першым. Аўтобус чакае такога чалавека гадзіну-дзве-тры, як пашанцуе. На жаль, на мяжы гэта не моцна кагосьці хвалюе: «беседу» будуць праводзіць столькі, колькі палічаць патрэбным. Гэта загадзя не прадбачыш.

Пра тое, што пытаюцца на такіх «беседах», звычайна ў памежных чатах не распаўсюджваюцца.

Апошнія навіны