Для ўладальнікаў аграсядзіб увялі наваўвядзенне
- 29.08.2026, 15:18
Яно прызвана прадухіляць «канфліктныя сітуацыі».
Нядаўна ў Беларусі быў падпісаны ўказ аб развіцці аграэкатурызму. Сярод іншага тым, хто займаецца такім бізнесам, дазволілі аказваць больш паслуг, сярод якіх — сямейныя ўрачыстасці, вечары беларускай культуры і інш. Пры гэтым для іх правядзення цяпер спатрэбіцца згода суседзяў, распавяла БелТА намесніца міністра эканомікі Алена Болігатава.
Паводле слоў Алены Болігатавай, працэдура атрымання згоды на правядзенне ў аграсядзібе нейкага шумнага мерапрыемства максімальна простая.
— Згоду можна атрымаць у лічбавым фармаце — праз СМС, мэсэнджары або электронную пошту. Галоўнае — каб у паведамленні былі пазначаныя дата, час і асоба, якая дала згоду, — распавяла намесніца міністра эканомікі.
Гэты інструмент, удакладніла яна, у тым ліку абароніць гаспадароў аграсядзіб ад канфліктных сітуацый.