У Ісландыі на рэферэндуме прагаласавалі супраць перамоў аб уступленні ў ЕС
- 30.08.2026, 14:16
Пры гэтым у сталіцы Рэйк'явіку большасць жыхароў падтрымалі еўраінтэграцыю.
Большасць жыхароў Ісландыі адмовілася аднаўляць перамовы аб уступленні краіны ў Еўрасаюз. Пасля падліку галасоў у пяці з шасці выбарчых акругаў супраць выступілі 52,8% удзельнікаў рэферэндуму, за — 47,2%, паведаміла мясцовая тэлерадыёкампанія RÚV. Астатнія галасы не змогуць істотна паўплываць на вынік. Пры гэтым у сталіцы Рэйк'явіку большасць жыхароў (54,5%) падтрымалі еўраінтэграцыю. Супрацьнікі такога кроку баяцца, што сяброўства ў ЕС абмяжуе сувярэнітэт краіны і паставіць пад пагрозу кантроль над яе рыбалоўнымі рэсурсамі.
Ісландыя падала заяўку на далучэнне да Еўрасаюза ў 2009 годзе пасля фінансавага крызісу. Перамовы пачаліся ў 2010-м, але ў 2013 годзе новы ўрад іх прыпыніў, а ў 2015-м папрасіў ЕС перастаць лічыць краіну кандыдатам на ўступленне. Пры гэтым Ісландыя ўваходзіць у Шэнгенскую зону і Еўрапейскую эканамічную зону — агульную рынкавую прастору, якая прадугледжвае свабодны рух людзей, тавараў, паслуг і капіталу.
Урад цяперашняй прэм'ер-міністаркі Ісландыі Крыструн Фростадоўтыр выступаў за аднаўленне перамоў, прадстаўляючы іх як спосаб умацаваць эканамічную і палітычную бяспеку краіны. Новы імпульс пытанню надалі геапалітычныя ўзрушэнні, уключаючы войны ва Украіне і на Блізкім Усходзе, а таксама амерыканскія імпартныя пошліны і пагрозы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа анексаваць іншы арктычны востраў — Грэнландыю.
Прыхільнікі еўраінтэграцыі таксама разлічвалі на зніжэнне інфляцыі і кошту крэдытаў дзякуючы магчымаму пераходу на еўра. Цяпер стаўка Цэнтральнага банка Ісландыі складае 8%, тады як стаўка Еўрапейскага цэнтральнага банка — 2,25%.
Супрацьнікі ініцыятывы сцвярджалі, што Брусэль не вырашыць эканамічныя праблемы Ісландыі, а сяброўства можа абмежаваць яе кантроль над рыбалоўнымі водамі. Паводле правілаў ЕС, квоты на вылаў рыбы вызначаюцца ў тым ліку з улікам гістарычных аб'ёмаў рыбалоўства. Некаторыя ісландскія чыноўнікі заяўлялі, што ніякай пагрозы няма, бо ніводная краіна ЕС не займаецца тут рыбалоўствам ужо некалькі дзесяцігоддзяў. Лідар апазіцыі Гвюдрун Хафстэйнсдоўтыр з гэтым меркаваннем не пагаджалася. «Еўрапейскі саюз паабяцае пэўную гнуткасць, асабліва на пачатковым этапе, але мы ведаем, што гэта не будзе доўжыцца вечна», — казала яна.