Пуцін апазорыўся перад настаўнікамі і прадэманстраваў свае праблемы з псіхікай
- 30.08.2026, 14:44
Яго «харчовы ланцуг» з касаткамі не існуе.
Дыктатар РФ Уладзімір Пуцін на сустрэчы з расійскімі настаўнікамі 29 жніўня распавёў антынавуковую гісторыю пра касатак, якія нібыта палююць на белых мядзведзяў. Такім чынам ён спрабаваў апраўдаць вайну супраць Украіны. Dialog.UA разбіраўся ў дэталях.
Пуцін распавёў настаўнікам, як тлумачыць дзецям прычыны так званай «СВА». Ён параіў выкарыстоўваць аналагію з жывёльнага свету: як касаткі «накідваюцца стаёй» на белых мядзведзяў і разрываюць іх.
Пад белым мядзведзем дыктатар меў на ўвазе Расію, а пад касаткамі — калектыўны Захад, які нібыта жадае нашкодзіць РФ.
«Яны (касаткі — рэд.) ядуць гэтых мядзведзяў, як мялюзгу. Так... Яны проста накідваюцца стаёй, і бум — на часткі іх разрываюць… Вось такі харчовы ланцуг. Пра гэта таксама трэба дзецям распавядаць, каб яны разумелі, у якім свеце мы жывём і чаму мы праводзім «спецыяльную ваенную аперацыю», — заявіў 72-гадовы кіраўнік Крамля.
Праблема ў тым, што такі харчовы ланцуг у прыродзе не існуе. Навукоўцы не зафіксавалі ніводнага пацверджанага выпадку, калі б касатка забіла і з’ела якога-небудзь мядзведзя. Ні разу ў страўніку касаткі не знаходзілі рэшткаў мядзведзяў.
Украінскі журналіст Віталь Портнікаў пракаментаваў скандальную заяву Пуціна. На яго думку, дыктатар сваімі выдумкамі чарговы раз прадэманстраваў свае ірацыянальныя страхі перад светам і псіхалагічную нестабільнасць.
«Апошняе выступленне Пуціна перад расійскімі настаўнікамі неспадзявана стала сенсацыяй, таму што прадэманстравала псіхічны і псіхалагічны стан чалавека, які штодня аддае загады бамбіць Украіну… Гэты чалавек хоча, каб расійскія настаўнікі тлумачылі дзецям прычыны крывавага нападу РФ на Украіну. Аказваецца, у Арктыцы касаткі накідваюцца на мядзведзяў і з’ядаюць іх, таму ў мядзведзяў няма ніякага іншага выйсця, акрамя як абараняцца. Толькі насамрэч касаткі ніякіх мядзведзяў не ядуць. Пуцін гэта прыдумаў. Ці гэта яго дрэнная адукацыя… Расійскі прэзідэнт не толькі насамрэч не вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, які фармальна скончыў, але і ў школе не вельмі сур’ёзна ўспрымаў інфармацыю. Пра гэта ёсць мемуары яго настаўніцы», — адзначыў журналіст.