Блакада Наварасійска загнала Крэмль у ледзяную пастку
- 30.08.2026, 17:44
Расія шукае абходны шлях праз Арктыку.
З-за блакавання Сіламі абароны порта Наварасійска Крэмль разглядае магчымасць дастаўкі сваёй прадукцыі на экспарт праз паўночныя парты, у прыватнасці, праз Паўночны Ледавіты акіян, па якім можна дабрацца і да Кітая.
Аднак капітан 1-га рангу запасу, намеснік начальніка штаба ВМС ЗСУ ў 2004–2020 гадах Андрэй Рыжэнка лічыць, што такі план асуджаны на правал, паведамляе Radio NV.
«Думаю, што гэта нерэалістычна, бо ўжо амаль верасень, настане халоднае надвор’е, і ім (расіянам) давядзецца трымаць гэты шлях адкрытым. Для гэтага ім патрэбныя ледаколы, якія ўсё яшчэ будуюцца. Хачу нагадаць, што Расія плануе пабудаваць цэлы флот вельмі магутных ледаколаў водазмяшчэннем 50–70 000 тон. Гэта фактычна авіяносцы, яны будуюць іх спецыяльна для гэтага», – сказаў Рыжэнка.
Паводле яго слоў, каб расійскія караблі змаглі пераадолець Паўночны марскі шлях, неабходна забяспечыць яго пэўную шырыню — каля 30 м. Гэтыя суднаходныя каналы трэба пастаянна падтрымліваць.
У цэлым, дадаў спецыяліст, існуе комплексная праблема з ледаколамі. Напрыклад, кожныя два гады яны павінны праходзіць дакавы рамонт. РФ мела ў сваім распараджэнні адзін док ПД-50, які мог прымаць караблі такога класа. Аднак ён каля 5 гадоў таму затануў, калі ў ім знаходзіўся расійскі авіяносец «Адмірал Кузняцоў», адзначыў Рыжэнка.
Паводле ягоных дадзеных, пакуль РФ не змагла знайсці замену, бо падобныя докі будуюць у краінах Скандынавіі і Японіі, якія цяпер не супрацоўнічаюць з Крэмлём. А без абслугоўвання ў доках, дадаў эксперт, такія ледаколы доўгі час не будуць функцыянаваць.
Яшчэ адна праблема — адлегласць ад чыгункі да паўночных партоў складае некалькі тысяч кіламетраў, а насельніцтва ў гэтых рэгіёнах істотна скарацілася.
«Для таго каб наладзіць паўночны шлях да ўзбярэжжа Паўночнага Ледавітага акіяна, і было створана расійскае арктычнае вайсковае групаванне. Яны хочуць павысіць узровень жыцця ў гэтым рэгіёне… Там вельмі-вельмі шмат пытанняў, і выгада ад такога праходу, ад такіх караблёў, магчыма, нават у Кітай, будзе значна меншай, чым кошт такога праекта. Гэта зноў будзе прапагандысцкі праект, каб кагосьці напалохаць або зрабіць піяр», — лічыць Рыжэнка.
Ён падкрэсліў, што найбольш выгаднай для Расіі з’яўляецца транспарціроўка грузаў менавіта праз поўдзень — праз порт Наварасійск, які цяпер заблакаваны. Таму для Масквы гэта вельмі балючая сітуацыя, і акупанты аказваюць ціск на Украіну.