Каспараў выступіў з папярэджаннем пасля візіту кіраўніка ЦРУ ў Маскву
- 31.08.2026, 8:21
Рызыка эскалацыі рэзка ўзрасла.
Адзін з лідараў расійскай апазіцыі, чэмпіён свету па шахматах Гары Каспараў выказаў здагадку, што ў выніку выбараў у Еўропе да ўлады могуць прыйсці прарасійскія палітыкі, а візіт кіраўніка ЦРУ Джона Рэткліфа — сігнал, што Пуцін рыхтуецца да эскалацыі.
«Мы можам пачакаць нейкіх вынікаў візіту Рэткліфа, але я б не меў ілюзій з гэтай нагоды, таму што Рэткліф усё-такі працуе на адміністрацыю Дональда Трампа. Тое, што Трамп працуе супраць інтарэсаў Амерыкі, сёння гэта відавочна», — упэўнена заявіў Гары Каспараў.
Сваё меркаванне пра тое, як Расія паспрабуе захапіць Еўропу без нападу, палітык агучыў у інтэрв'ю для YouTube-канала «Форум свабоднай Расіі». Каспараў пагадзіўся з меркаваннем, што рызыка эскалацыі рэзка ўзрасла з прыездам дырэктара ЦРУ ў Маскву:
«Так, вядома. Гэта ж відавочна. Усё да гэтага ідзе. Мы аналізуем тую інфармацыю, якая ёсць у свабодным доступе. Так, мы ўжо некалькі разоў казалі, што ў маі былі нейкія ваганні. Верагодна, унутры ішла барацьба наконт таго, ісці да канца ці ўсё ж такі шукаць нейкія кампрамісы. Відавочна, што гэтыя ваганні скончыліся. Усе дзеянні расійскай улады і так званыя дыпламатычныя ініцыятывы сведчаць пра тое, што эскалацыя ў нейкай форме непазбежная».
«Пастаянна ідзе палітычны ціск, то бок у 2027 годзе палітычная карта Еўропы можа змяніцца, таму што сяброўскія Крамлю партыі, шмат у чым дзякуючы палітыцы папярэднікаў цяперашніх урадаў, напрыклад, такія, як «Альтэрнатыва для Германіі», набіраюць ачкі. Эскалацыя гэтай восенню павінна дапамагчы партыі «АдГ» у Германіі, Ле Пен у Францыі і ўсім прапуцінскім сілам у Еўропе, то бок там, дзе ёсць асяродкі палітычнай нестабільнасці. Тыя, хто рвуцца да ўлады, па нейкім дзіўным супадзенні, заўсёды кажуць пра неабходнасць знайсці агульную мову з пуцінскай Расіяй», — спрагназаваў расійскі апазіцыянер.