BE RU EN

З'явілася пацвярджэнне ліквідацыі намесніка начальніка калоніі ў Аленоўцы

  • 31.08.2026, 14:15

Дзмітрый Неелаў дакладна знаходзіўся ў падарванай машыне.

Намеснік начальніка папраўчай калоніі ў Аленоўцы Дзмітрый Неелаў знаходзіўся ў машыне, якая была падарваная ў ноч на суботу ў «ДНР», пацвердзіла ў перапісцы з рэдактарам «Агенцтва» ягоная жонка. Выбух адбыўся ў ноч на суботу, паведамлялі ўкраінскія СМІ і тэлеграм-каналы.

На пытанне, ці не пацярпеў яе муж падчас выбуху, яна адказала: «Як вы сабе гэта ўяўляеце? Машына выгарыла, вакол кроў».

Неелава не адказала наўпрост на пытанне, ці загінуў яе муж. «Вы ўяўляеце маё становішча? У мяне засталося двое дзяцей», — напісала яна.

Выбух адбыўся ў Данецку ў ноч на 29 жніўня. Пра яго першапачаткова паведаміў украінскі маніторынгавы канал Supernova+. Пазней украінскія выданні «Цензор.нет» і «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцы паведамілі, што быў падарваны аўтамабіль Неелава.

Неелаў праходзіць ва Украіне па справе аб гібелі ўкраінскіх ваеннапалонных пры выбухах у калоніі ў Аленоўцы ў 2022 годзе. У ліпені 2024 года СБУ і офіс Генпракурора Украіны паведамілі пра падазрэнне Неелаву і былому начальніку калоніі ў Аленоўцы Сяргею Яўсюкову.

Паводле ацэнак ААН, пры выбухах у калоніі загінулі не менш як 50 ваеннапалонных, яшчэ 151 палонны атрымаў параненні. Украіна абвінаваціла Расію ў прыцэльным абстрэле калоніі. Атрыманы пазней Associated Press унутраны аналіз ААН сведчыць, што атаку спланавала і ажыццявіла Расія.

Паводле версіі СБУ і Офіса генпракурора Украіны, Неелаў і Яўсюкоў «наўмысна зацягвалі эвакуацыю параненых у медыцынскія ўстановы». Украінская пракуратура паведамляла, што дзевяць палонных памерлі з-за несвоечасовай і неналежнай медыцынскай дапамогі.

Яўсюкоў загінуў пры падрыве машыны ў Данецку ў снежні 2024 года.

Апошнія навіны