На ваенныя аб’екты пад Гомелем выдаткуюць $260 мільёнаў
- 31.08.2026, 17:55
Фінансаванне распланавана да 2028 года.
У нядаўняй пастанове беларускага ўрада «Аб удакладненні асобных палажэнняў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2026 год» згадваюцца стратэгічныя ваенныя аб’екты ў Гомельскай вобласці, заўважыў «Флагшток».
Пастанова ад 26 жніўня апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У дакуменце ўдакладняецца пералік будоўляў і аб’ектаў інвестпраграмы на бягучы год і выдзеленае на рэалізацыю праектаў фінансаванне.
На ўзвядзенне ваеннага гарадка дададзена амаль 97,5 млн рублёў (каля 32 млн долараў), а на будаўніцтва ваеннага палігона — 52 млн рублёў (больш за 17 млн долараў).
Фінансаванне будаўніцтва абодвух аб’ектаў пакуль распланавана да 2028 года ўключна — у наступныя гады праекты «пацягнуць» яшчэ больш сродкаў з рэспубліканскага бюджэту.
Раней, згодна з Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай на 2024–2026 гады, аб’ём фінансавання ваеннага гарадка дасягаў 390,59 млн рублёў (каля 120,2 млн долараў). На будаўніцтва палігона ў 2026 годзе да ўнясення змяненняў выдзялялася 15 млн руб., а ўсяго на тры гады прадугледжана 410 млн рублёў (каля 141 млн долараў).
Абодва аб’екты размесцяць паблізу паўднёвай мяжы Беларусі: ваенны гарадок — прыкладна за 30 кіламетраў, палігон — за 40 км.
Пагроза, якую бачыць Лукашэнка для свайго рэжыму з боку Украіны, у тым ліку з-за фактычнага саўдзелу ў расійскай вайне, прымушае траціць велізарныя сродкі на ўмацаванне абараназдольнасці. У «мірны час» яны маглі б быць накіраваныя на сацыяльныя праекты.