BE RU EN

Пуцін баіцца за сваё жыццё

  • 31.08.2026, 19:18

Дыктатар РФ у чацвёрты раз з пачатку вайны павялічыў штат кіраўніцтва сваёй аховы.

Дыктатар РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб чарговым пашырэнні цэнтральнага апарата Федэральнай службы аховы (ФСО) — ужо чацвёртым з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Згодна з дакументам, граничная колькасць супрацоўнікаў цэнтральнага апарата ФСО павялічваецца з 785 да 812 чалавек. Папярэдняе павышэнне было зацверджана 1 студзеня 2025 года (да 785 чалавек), а да гэтага штат пашыралі 1 студзеня 2024 года (да 775) і ў канцы 2022 года (з 725 да 760). Да вайны цэнтральны апарат ФСО не пашыраўся амаль 13 гадоў. Апошняе пашырэнне ўпершыню з пачатку вайны адбылося не на пачатку і не ў канцы года.

Федэральная служба аховы — закрытая сілавая структура, адказная за бяспеку першых асоб дзяржавы: прэзідэнта, прэм'ер-міністра, спікераў палат парламента, старшыняў судоў найвышэйшай юрысдыкцыі і генеральнага пракурора. У яе структуру ўваходзіць падраздзяленне асабістай аховы Уладзіміра Пуціна, якое суправаджае яго ў паездках, ахоўвае рэзідэнцыі і аб'екты. Акрамя таго, ФСО займаецца спецсувяззю і маніторынгам грамадскай думкі. Пасля пачатку вайны роля службы значна ўзрасла, і, паводле звестак «Важных гісторый», яна ператварылася ў самастойны цэнтр уплыву дзякуючы пастаяннаму доступу да Пуціна і інфармацыі пра вышэйшых чыноўнікаў.

Як паведамляла Financial Times са спасылкай на дасведчаныя крыніцы, у апошнія месяцы ФСО рэзка ўзмацніла меры бяспекі вакол Пуціна. У Крамлі ўзраслі апасенні, што Пуцін можа стаць аб’ектам замаху, у тым ліку з выкарыстаннем беспілотнікаў, або падчас спробы дзяржаўнага перавароту. Страхі ўзмацніліся пасля захопу амерыканскімі ваеннымі дыктатара Венесуэлы Нікаласа Мадура, расказвалі суразмоўцы FT. У выніку Пуцін скараціў колькасць візітаў, а праверкі людзей, якія з ім сустракаюцца, сталі больш жорсткімі. Падчас афіцыйнай паездкі ў Казахстан у канцы мая картэж суправаджалі браніраваны аўтамабіль з кулямётнай устаноўкай на даху, машына з сістэмай радыёэлектроннай барацьбы і верталёт. Паводле даных FT, Пуцін і ягоная сям’я амаль перасталі з’яўляцца ў рэзідэнцыях у Маскве і на Валдаі, аддаючы перавагу па некалькі тыдняў знаходзіцца ў бункерах, у тым ліку ў Краснадарскім краі.

Апошнія навіны