BE RU EN

Bloomberg: З 2022 года Кім Чэн Ын назапасіў $22 млрд

  • 7.08.2026, 16:28

Рост даходаў КНДР найперш звязаны з пастаўкамі ўзбраенняў у Расію.

У перыяд з 2022 па 2026 год даходы Паўночнай Карэі за мяжой дасягнулі $22 млрд, павялічыўшыся ў чатыры разы ў параўнанні з папярэднімі чатырма гадамі. Гэта падлікі аналітычнага сэрвісу Bloomberg, заснаваныя на вывучэнні гандлёвых справаздач, разведдадзеных, спадарожнікавых здымкаў, звестак крыніц і інш. Аналітыкі BE адзначаюць, што тым самым у распараджэнні лідара КНДР Кім Чэн Ына «апынулася больш грошай, чым калі-небудзь за яго 15 гадоў пры ўладзе».

Паводле падлікаў сэрвісу, рост даходаў КНДР найперш звязаны з пастаўкамі ўзбраенняў у Расію і накіраваннем туды паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. Эксперты, з якімі пагаварыў BE, адзначаюць, што сродкі, атрыманыя ад продажу зброі Расіі, сталі для Паўночнай Карэі сапраўдным «выйгрышам у латарэі». Адначасова з гэтым павялічыліся і паступленні грошай ад іншага партнёра КНДР — Кітая. Паводле даных BE, яшчэ адной крыніцай даходу з'яўляецца крадзеж крыптавалюты паўночнакарэйскімі хакерамі. Паводле даных кампаніі TRM Labs, каля 70% усіх крадзяжоў крыптавалюты ў свеце цяпер прыпадае на хакераў з КНДР — супраць 30% у 2017 годзе.

Паводле паўднёвакарэйскіх даных, эканоміка КНДР летась узрасла на 3,5%. Як піша Bloomberg, рост даходаў адбіваецца і на паўсядзённым жыцці ў Паўночнай Карэі. За апошнія некалькі гадоў там вядзецца актыўнае будаўніцтва. Значна павялічылася колькасць смартфонаў у насельніцтва, з'явіліся сэрвісы для дастаўкі ежы і выкліку таксі. Аналітыкі BE адзначаюць, што пра рост дабрабыту сведчыць і характар экспарту з Кітая — так, КНДР стала даволі актыўна закупляць спартыўныя тавары, відэагульні і іншыя прадметы для адпачынку.

Апошнія навіны