Украінскія марскія дроны атакавалі Ялту падчас нарады высокапастаўленых вайскоўцаў РФ
- 7.08.2026, 16:41
ГУР назваў атаку «марскім баявым парадам» напярэдадні Дня горада.
Украіна ўдзень 7 жніўня атакавала ўзбярэжжа Ялты марскімі і паветранымі дронамі, паведамляюць украінскія маніторынгавыя каналы. Судзячы па апублікаваных кадрах ад мясцовых жыхароў, у выніку ўдараў узнік моцны пажар у будынку на гарадской набярэжнай. Паводле даных «Крымскага ветру», узгаранне адбылося ў установе па суседстве з рэстаранам Hungry Bird, у якім у пятніцу, папярэдне, збіраліся высокапастаўленыя расійскія вайскоўцы. Адзін з падпісчыкаў канала паведаміў, што каля 11:20 на паркоўцы побач з рэстаранам бачылі «шэсць чорных таніраваных іншамарак, на двух з іх былі ваенныя нумары, а іншыя ўвогуле без нумароў».
Ужо праз восем хвілін яны пакінулі паркоўку. «Крымскі вецер» нагадвае, што бязэкіпажныя катэры (БЭКі), якія атакавалі Ялту, абсталяваныя FPV-дронамі. Пры гэтым на пачатку дванаццатай у Ялце была абвешчана беспілотная небяспека, а мясцовыя паведамлялі пра вялікую колькасць паліцэйскіх у раёне набярэжнай Ялты непасрэдна перад пажарам. Некаторыя мясцовыя ў пабліках пісалі, што гарэў менавіта Hungry Bird. Ці быў хтосьці паранены ў выніку атакі, улады не паведамілі. Паводле інфармацыі дарадцы расійскага кіраўніка Крыма Алега Кручкова, як мінімум адзін бязэкіпажны катэр (БЭК) не выбухнуў, і ўлады арганізавалі аперацыю па яго размінаванні.
Ялцінцаў папрасілі пакінуць раён Прыморскага парку. Да гэтага гараджане паведамлялі пра «інтэнсіўную стральбу» ў раёне набярэжнай і пра пралёты дронаў, пасля чаго мясцовыя ўлады заклікалі грамадзян пакінуць яе, а таксама пляжы. «Жыхарам, якія пражываюць паблізу ўзбярэжжа, пакінуць балконы, не падыходзіць да вокнаў, заставацца ў бяспечным месцы», — паведаміла ўпраўленне МНС.
Z-канал «Архангел спецназа» выказаў здагадку, што «па візуальных абрысах» марскі дрон, які выйшаў з ладу ў бухце Ялты, падобны да ўкраінскага БЭК тыпу «Магура» V6 або V7.
У Галоўным упраўленні разведкі Украіны (ГУР) пацвердзілі атаку на Ялту дронамі «Магура», назваўшы гэта «марскім баявым парадам» напярэдадні Дня горада. Аперацыю выконвала падраздзяленне Group 13, якое спецыялізуецца на «паляванні» за расійскімі ваеннымі караблямі і атаках на прыбярэжныя ваенныя аб’екты Узброеных Сіл РФ.