BE RU EN

На парахавай бочцы

  • Аляксандр Класкоўскі
  • 7.08.2026, 20:20

Лукашэнка ўцягнуў Беларусь у небяспечную гульню.

На сумесных з Расіяй ядзерных вучэннях у маі беларускія штурмавікі Су-25 былі перакінутыя далей ад межаў з краінамі НАТА — пад Бабруйск. Але калі ўявіць сабе ядзерны канфлікт з Паўночнаатлантычным альянсам, то такая гульня ў хованкі наўрад ці ўратуе не толькі гэтыя самалёты, але і Беларусь як такую.

У сакавіку 2023 года Уладзімір Пуцін заявіў, што 10 самалётаў беларускіх ВПС пераабсталяваныя пад ужыванне тактычнай ядзернай зброі (ТЯО). Ваенныя аналітыкі прыйшлі да высновы, што гаворка ідзе менавіта пра старыя савецкія штурмавікі Су-25 (на вайсковым слэнгу — «гракі»).

Чаму Бабруйск?

Гэтыя машыны стаяць на ўзбраенні 116-й штурмавой авіябазы, якая дыслакуецца пад Лідай — у некалькіх дзесятках кіламетраў ад межаў з Літвой і Польшчай.

Але ў маі, падчас нядаўніх ядзерных вучэнняў, «гракі» базаваліся значна ўсходней — на рэзервовым аэрадроме пад Бабруйскам. Такі высновак утрымліваецца ў свежай публікацыі аналітыкаў амерыканскага Інстытута даследаванняў знешняй палітыкі (FPRI). Аўтары вывучылі фота- і відэаматэрыялы пра вучэнні, а таксама спадарожнікавыя здымкі.

Паводле ацэнкі FPRI, такая перакідка Су-25 магла быць звязаная з адпрацоўкай рассейвання авіяцыі і павышэннем яе жывучасці. На падставе спадарожнікавых здымкаў амерыканскія эксперты мяркуюць, што пад Бабруйскам выкарыстоўваліся і фальшывыя мэты — макеты штурмавікоў.

Калі казаць народнай мовай, беларускія вайскоўцы дзейнічалі паводле прынцыпу «хавайся ў бульбу».

Але амерыканцы з FPRI сумняваюцца, што такая гульня ў хованкі эфектыўная: «Пытанне пра тое, ці змогуць гэтыя меры істотна павысіць жывучасць гэтых самалётаў, якім каля сарака гадоў, ці ўскладніць іх выяўленне ў такой невялікай краіне, як Беларусь, застаецца адкрытым».

Заўважым, што «гракі» як насіцелі ТЯО ва ўмовах сучаснай вайны выглядаюць у прынцыпе не надта ўражліва. Су-25 павінен яшчэ даляцець да раёну прымянення авіябомбы, што робіць яго ўразлівым для знішчальнікаў і зенітных комплексаў праціўніка.

Куды больш пагрозлівымі ў гэтым плане выглядаюць далёкабійныя АТРК «Іскандэр». У прыватнасці, «Іскандэр-М», як заяўляецца, можа біць на 500 кіламетраў.

Такія комплексы расійскай вытворчасці стаяць на ўзбраенні 465-й ракетнай брыгады Узброеных Сіл Беларусі, якая размешчаная пад Асіповічамі.

Важны штрых: як мяркуе шэраг заходніх аналітыкаў, што вывучалі спадарожнікавыя здымкі, паблізу можа знаходзіцца сховішча расійскага ТЯО. Дадамо, што і да бабруйскага аэрадрома ад гэтага меркаванага сховішча рукой падаць: каля паўсотні кіламетраў.

Наколькі надзейны прынцып двух ключоў?

Варта падкрэсліць яшчэ два важныя моманты.

Па-першае, няма жалезных пацвярджэнняў, што расійскае ТЯО сапраўды размешчана ў Беларусі. Пра гэта заяўлялі Пуцін і Аляксандр Лукашэнка, але не выключана, што яны блефуюць.

Падчас майскіх вучэнняў Мінабароны Расіі паведамляла, што спецыяльныя баяпрыпасы (эўфемізм, які абазначае ТЯО) да пазіцыйнага раёну беларускай ракетнай брыгады даставілі расійскія вайскоўцы.

Шэраг каментатараў зрабіў выснову: ага, баегалоўкі для манеўраў завезлі з Расіі, то-бок ніякай ядзеркі ў Беларусі няма! Але ж Масква не ўдакладніла, адкуль былі дастаўленыя баяпрыпасы. Цалкам можна дапусціць, што іх прывезлі з меркаванага сховішча пад Асіповічамі.

Калі там і праўда знаходзіцца расійскае ТЯО, то яго мусіць ахоўваць падраздзяленне 12-га Галоўнага ўпраўлення Мінабароны РФ.

Другі момант палягае ў тым, што ядзерныя баяпрыпасы самі на праціўніка не паляцяць. Імі трэба снарадзіць сродкі дастаўкі, у нашым выпадку — беларускія Су-25 або «Іскандэры».

Такім чынам, фармальна можна казаць пра прынцып двух ключоў. Гэта значыць, пакуль Лукашэнка не дасць адмашкі, расійская ядзерка з беларускай тэрыторыі, паводле ідэі, не паляціць.

Аднак тут ёсць як мінімум дзве ўразлівыя акалічнасці.

Па-першае, Лукашэнка не вечны. Дзе гарантыя, што яго месца не зойме радыкальны адэпт Пуціна?

Па-другое, Расія можа ізноў наводніць Беларусь сваімі войскамі, як гэта было перад нападам на Украіну ў 2022-м. І ў чым тады праблема для расіян падвезці ядзерныя баявыя зарады да сваіх ракетных комплексаў або самалётаў?

На парахавай бочцы

Размяшчэнне расійскага ТЯО Лукашэнка спрабуе прадаць насельніцтву як гарантыю бяспекі. Але гэта ілюзія. Імперыя можа выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для сваёй гульні ў «абмежаваную ядзерную вайну».

Шэраг заходніх даследчыкаў лічыць, што расійскія стратэгі дапускаюць магчымасць абмежавана прымяніць нестратэгічную ядзерную зброю, каб прымусіць праціўніка спыніць канфлікт на выгадных для Масквы ўмовах.

У заходніх даследаваннях гэты падыход часта разглядаюць як элемент меркаванай расійскай канцэпцыі «эскалацыі дзеля дээскалацыі». Пры гэтым эксперты адзначаюць, што такі сцэнар нясе высокую рызыку некантралюемага пашырэння канфлікту.

Прасцей кажучы, такая заварушка лёгка можа перарасці ў ядзерны апакаліпсіс. І тады ніякія манеўры кшталту перакідання старых савецкіх штурмавікоў на рэзервовы аэрадром не ўратауюць.

Аляксандр Класкоўскі, «Позiрк»

Апошнія навіны