19-гадовая прынцэса Ізабэла пачала службу ў дацкай арміі
- 7.08.2026, 23:22
Падчас службы яна не будзе атрымліваць жалавання.
19-гадовая прынцэса Ізабэла прыбыла ў казармы паблізу Слагельсе, дзе правядзе 11 месяцаў у гвардзейскім гусарскім палку. Пра гэта паведамляе «Нямецкая хваля».
Старэйшая дачка караля і каралевы Даніі прыступіла да вайсковай службы. Разам з ёй сёлета ў шэрагі дацкай арміі адправіліся яшчэ 1600 маладых мужчын і жанчын.
Як паведамляюць дацкія СМІ са спасылкай на каралеўскі двор, падчас службы прынцэса Ізабэла не будзе атрымліваць жалавання.
«Тэрмін абавязковай вайсковай службы ў Даніі павялічылі з чатырох да 11 месяцаў пасля абвастрэння сітуацыі з бяспекай у Еўропе. Ваеннаму прызыву ў краіне таксама падлягаюць жанчыны, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту», — гаворыцца ў паведамленні.
Раней службу ў Слагельсе праходзіў і старэйшы брат Ізабэлы, спадкаемец трона Крысціян. Пасля яе завяршэння летась ён пачаў навучанне на лейтэнанта.