Новы прыпадак самадурства ў Лукашэнкі
- Аляксандр Класкоўскі, «Позірк»
- 8.08.2026, 15:21
У прарыў ідуць штрафныя батальёны.
Дзіўная ідэя Аляксандра Лукашэнкі накіроўваць нядбайных удзельнікаў жніва і чыноўнікаў у армію пачынае набываць новыя фарбы. Кіраўнік заявіў, што з такога кантынгенту ўжо створаныя «дзве батальённыя тактычныя групы», і загадаў прымусіць іх працаваць на вёсцы.
«Барадак усюды. У вас кінутыя палі. Гэта жах», — распякаў Лукашэнка 7 жніўня мінскага абласнога начальніка.
У гэтым кантэксце і прагучала: «Каго хочаце, прыцягвайце. Вазьміце дзве батальённыя тактычныя групы, якія стварылі з нядбайных чыноўнікаў і спецыялістаў. Іх каля 500 чалавек, я іх называю дзве батальённыя тактычныя групы. Прымусьце іх тут працаваць».
Таварыш прапаршчык навучыць збіраць рэкордныя ўраджаі
Заўважым, што палова тысячы чалавек для двух БТГ — замала. Звычайна такое фарміраванне налічвае ад 600 да тысячы вайскоўцаў.
Фактычна гэта батальён, які можа быць узмоцнены танкамі, сродкамі СПА, РЭБ і г.д. — у залежнасці ад пастаўленай задачы. У кожным выпадку такую баявую адзінку варта камплектаваць у патрэбных прапорцыях прадстаўнікамі розных вайсковых спецыяльнасцяў, прыстасаваных да канкрэтнай місіі.
Зразумела, што тут і блізка няма такога падбору. Заграбаюць па прынцыпе: хто праштрафіўся. Ды якая тут будзе баяздольнасць?
Дыскрыдытуецца сама ідэя вайсковай службы. Па сутнасці, фармуюцца не БТГ, а штрафбаты.
Праўда, ад першапачатковага замыслу накіроўваць такіх ваякаў на ўзмацненне спецназу на мяжы з Украінай кіраўнік, падаецца, ужо адышоў. «Прымусьце іх тут працаваць», — кажа ён, указваючы на праблемныя месцы сельгасвытворчасці.
Інакш кажучы, лянівых калгаснікаў пасылаюць на… тыя ж калгасныя працы, толькі ўжо строем. У надзеі, што таварыш прапаршчык навучыць збіраць рэкордныя ўраджаі. А каб ніхто не дэзартыраваў, можна яшчэ ззаду загараджальныя атрады выстаўляць.
Кіраўнік настальгуе па савецкіх парадках і прыводзіць у прыклад Кітай
Падчас гэтай паездкі ў Вілейскі раён Лукашэнка чарговы раз панастальгаваў па савецкіх парадках.
Але ў часы позняга СССР такога валюнтарызму, мілітарызацыі працы ўжо не было. Можна ўзгадаць хіба перыяд ваеннага камунізму, калі Леў Троцкі прасоўваў ідэю працоўных армій. Ды яшчэ змрочныя практыкі сталінскага ГУЛАГа.
Акрамя таго, Лукашэнка зноў апеляваў да досведу Кітая. Што ж, у часы Мао Цзэдуна, які абвясціў «культурную рэвалюцыю», тамтэйшых студэнтаў, інтэлігенцыю і іншых надта граматных у выхаваўчых мэтах прымусова накіроўвалі на сельгасработы.
Але потым ад гэтых перагібаў адмовіліся. Кіраўніка Беларусі, падаецца, у кітайскай мадэлі прываблівае партыйная дыктатура. Аднак пры палітычным дамінаванні кампартыя Кітая дае прастор рынкавай эканоміцы, канкурэнцыі, прыватнаму сектару.
Лукашэнка ж — адэпт ручнога кіравання, яму трэба асабіста праверыць санітарны стан кожнай каровы. І вельмі сумнеўна, што ён здольны на такую лібералізацыю эканомікі, як у КНР.
Пастка персаналісцкага рэжыму
З блізкіх яго сэрцу савецкіх парадкаў Лукашэнка вылучыў сістэму кіравання дзяржавай. «Не стае сур'ёзнай кадравай працы. Як бы я ні спрабаваў выбудаваць вертыкаль кіравання і іншае (гэта ўсё ж такі было і застаецца выратаваннем для краіны), але структуры не стае», — паскардзіўся ён.
Падаецца, кіраўніку хочацца яшчэ больш кантролю над чыноўніцкім апаратам. У СССР над усімі сферамі дамінавала сістэма партыйных камітэтаў, якая муштравала выканаўчую ўладу, загадвала ёй.
Няўжо Лукашэнка хоча стварыць і ўзвысіць над сваёй цяперашняй вертыкаллю яшчэ адну вертыкаль — партыйную?
Але колькі ж кадраў і рэсурсаў спатрэбіцца! А галоўнае, партыйны аўтарытарызм — гэта іншы тып кіравання. І ў яго ёсць свае перавагі. Савецкі Саюз з кампартыяй на чале не развальваўся, калі адзін генсек змяняў другога (гарбачоўская перабудова — асобная тэма, тады сістэма была ўжо вельмі хворая).
А вось у Беларусі — ярка выяўлены персаналісцкі рэжым. Лукашэнку, верагодна, мучыць думка, што калі ўся канструкцыя ўлады завязаная на адным чалавеку, то пасля яго сыходу яна можа хутка распасціся. Але і адмовіцца ад статусу самаўладца — здаецца, вышэй ягоных сіл.
Калі атрымала партыйны статус створаная на базе наменклатуры «Белая Русь», некаторыя каментатары паспяшылі назваць яе партыяй улады. Але мы ўбачылі, што Лукашэнка не хоча дзяліцца ўладай нават з гэтай выключна лаяльнай структурай.
Адсюль, верагодна, яго пакуты. З аднаго боку — настальгія па СССР, дзе ўсё ж такі больш-менш працавалі, асабліва пасля Сталіна, прынцыпы калектыўнага кіраўніцтва. З другога — страх аслабіць, раздрабніць сваю асабістую ўладу, міжволі выкорміць канкурэнтаў.
Лепш абірацца, як таварыш Сі?
Гэтымі супярэчлівымі думкамі аўтакрата тлумачацца, напэўна, і яго манеўры вакол Усебеларускага народнага сходу.
Лукашэнка стварыў УНС як прататып арбітра паміж галінамі ўлады. Але пакуль гэта сырая нарыхтоўка. Кіраўнік толкам не ведае, што з ёй рабіць, раз за разам папярэджвае дэлегатаў гэтай структуры, каб не лезлі, куды не трэба.
Магчыма, Лукашэнка трымае ў галаве ідэю абрання прэзідэнта праз УНС. Ён ужо агучваў гэта публічна.
У гэтым кантэксце невыпадковая і апеляцыя да кітайскага досведу. Бо старшыню КНР абірае менавіта падобны міжсабойчык — Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў.
Лагіку разваг Лукашэнкі можна зразумець. Нават калі ўсё схоплена, калі ЦВК кішэнны, з гадамі ўсё цяжэй вытрымліваць перадвыбарчы марафон. Дый для ўсёй сістэмы гэта напружанне. Народ запалоханы, але ненадзейны.
Нарэшце, калі рыхтаваць у пераемнікі малодшага сына Мікалая, дык, мабыць, прасцей правесці яго ў дамкі менавіта праз УНС.
Так, але дзе гарантыя, што гэты інстытут з патэнцыйна велізарнымі паўнамоцтвамі заўжды будзе бязвольным, паслухмяным? А раптам у крытычны момант выспее змова эліт?
Усё гэта называецца прасцей: самадурства
Праўда, пакуль не відаць яўных сімптомаў, што Лукашэнка прыступае да транзіту ўлады. Дык што наперадзе, верагодна, яшчэ многа эксперыментаў кшталту стварэння батальённых тактычных груп з усялякіх раздзяўбаў (або проста тых, хто міжволі трапіў пад раздачу).
Так, тут можна ўбачыць і элементы трацкізму з ідэяй мілітарызацыі працы, і падабенства мааізму з перавыхаваннем праз накіраванне ўсякага кшталту чысцюляў у вёску, месіць гной. І нават рэцыдыў прыгонніцтва, калі вінаватых халопаў забрывалі ў рэкруты.
Праўда, усё гэта можна назваць прасцей. Мы бачым прагрэсуючае самадурства заседжанага ва ўладзе аўтакрата, атачэнне якога не адважваецца сказаць ні слоўца супраць.
Аляксандр Класкоўскі, «Позірк»