BE RU EN

Эксперты назвалі наймацнейшую разведку Еўропы

  • 9.08.2026, 9:05

У даследаванні прынялі ўдзел 60 спецыялістаў з 25 краін.

Сакрэтная разведвальная служба Вялікабрытаніі (MI6) заняла першае месца ў рэйтынгу еўрапейскіх знешніх разведак, складзеным французскім часопісам L’Express на падставе ацэнак супрацоўнікаў і былых супрацоўнікаў спецслужбаў з розных краін. Асабліва высока эксперты ацанілі здольнасць брытанцаў вербаваць інфарматараў высокага ўзроўню і пранікаць у кіраўнічыя колы Расіі, Кітая, Ірана і Турцыі, піша The Guardian.

У даследаванні прынялі ўдзел 60 спецыялістаў з 25 краін. Яны ацэньвалі разведслужбы дзяржаў, саюзных заходнім краінам.

MI6 атрымала 251 бал і з вялікім адрывам заняла першае месца. Другое месца заняла французская Генеральная дырэкцыя знешняй бяспекі (DGSE) са 169 баламі. На трэцяй пазіцыі апынуліся Нідэрланды, на чацвёртай — Украіна. Эксперты высока ацанілі здольнасць украінскіх спецслужбаў працаваць ва ўмовах вайны — украінскай разведцы, у прыватнасці, прыпісваюць атакі на расійскую інфраструктуру, а таксама аперацыі, звязаныя з газаправодамі «Паўночны паток».

Пятае месца заняла Нямеччына. Паводле ацэнак экспертаў, нямецкія спецслужбы моцныя ў аналітычнай працы, аднак адчуваюць цяжкасці з вербаваннем агентаў за мяжой.

На шостай пазіцыі апынулася Швецыя. Як піша Svenska Dagbladet, высокаму выніку спрыялі магчымасці радыё- і тэлекомунікацыйнага перахопу шведскай службы FRA, а таксама праца сакрэтнага падраздзялення KSI у складзе ваеннай разведкі MUST.

Сёмае месца заняла Нарвегія, восьмае — Эстонія, дзявятае — Польшча. Дзесятку наймацнейшых разведак Еўропы замкнула Данія.

У другой дзясятцы рэйтынгу апынуліся Румынія, Іспанія, Фінляндыя, Швейцарыя, Італія, Бельгія і Чэхія. Ніжэй размясціліся Літва, Партугалія і Аўстрыя. Апошняе, 21-е, месца заняла Латвія.

Адзін з былых кіраўнікоў французскай DGSE адзначыў, што брытанцы ўмеюць працаваць на перспектыву і гатовыя гадамі развіваць крыніцы.

«Брытанцы здольныя гуляць у доўгую, інвестуючы ў крыніцы з гарызонтам у дзесяць гадоў, у пэўным сэнсе як рускія. І ў іх ёсць смак да брудных трукаў», — сказаў ён.

Былы кіраўнік аперацый ЦРУ ў Еўропе і Еўразіі Ральф Гофф асобна адзначыў ролю брытанскай разведкі ва Украіне.

«Брытанцы лідзіруюць ва ўкраінскім пытанні. Мы ідзём адразу за імі», — заявіў ён.

Былы кіраўнік рэзідэнтуры ЦРУ Роберт Горэлік назваў брытанскія спецслужбы «безумоўна наймацнейшымі ў Еўропе», а MI6 — «выдатнай».

У публікацыі таксама нагадваецца, што Вялікабрытанія адной з першых папярэджвала Украіну пра высокую верагоднасць расійскага поўнамаштабнага ўварвання, якое пачалося ў лютым 2022 года.

Французскую DGSE, што заняла другое месца, эксперты асобна адзначылі за глабальную прысутнасць і аператыўныя магчымасці. Адзін з кіраўнікоў польскай разведкі назваў яе адзінай службай у кантынентальнай Еўропе з амаль глабальным ахопам.

«Яны спалучаюць тэхнічную разведку, агентурную працу і магчымасці для правядзення аперацый», — сказаў ён.

DGSE таксама атрымала высокія ацэнкі за працу ў сферы барацьбы з тэрарызмам. У мінулым французскія ўлады санкцыянавалі таемныя аперацыі супраць людзей, якіх лічылі пагрозай нацыянальнай бяспецы. Былы прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, як паведамлялася ў кнізе, што выйшла ў 2017 годзе, распавядаў пра аперацыі па ліквідацыі не менш як 40 «асабліва важных» мэтаў на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы.

З 2025 года MI6 узначальвае Блейз Метрэвеліпершая жанчына на гэтай пасадзе.

Апошнія навіны