«Птахі Мадзяра» знішчылі ЗРК «Трыумф» у Геленджыку і паразілі тры расійскія караблі
- 9.08.2026, 11:17
Сталі вядомыя падрабязнасці паспяховых удараў.
Украінскія сілы абароны знішчылі расійскі зенітна-ракетны комплекс у Краснадарскім краі РФ. Акрамя таго, у Чорным моры былі атакаваныя тры судны «ценявога флоту».
Байцы 413-га асобнага палка беспілотных сістэм «Рэйд» знішчылі зенітна-ракетны комплекс у Геленджыку, які яшчэ ў суботу, 8 жніўня, ажыццяўляў пускі ракет. Пра гэта паведаміў камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Роберт «Мадзяр» Броўдзі.
«Тры гадзіны гарэла і патрэсквала пазіцыя С-400 у Геленджыку, на беразе, проста побач з катакомбамі», — распавёў вайсковец.
Акрамя таго, паводле яго слоў, у ноч з 8 на 9 жніўня на тэрыторыі Расіі былі знішчаныя яшчэ 4 аб’екты супрацьпаветранай абароны.
У прыватнасці, СБС ліквідавалі яшчэ шэраг аб’ектаў:
ЗРК «Тор», у н.п. Пудовы Растоўскай вобласці;
ЗРГК «Панцыр-С1», у н.п. Ейск Краснадарскага краю;
РЛС «Падлёт-К1», у н.п. Галаватаўка Растоўскай вобласці;
РЛС «Каста 2Е2», у н.п. Латонава Растоўскай вобласці.
Акрамя таго, як адзначыў «Мадзяр», аператары СБС нанеслі ўдары па нафтавым танкеры і двух сухагрузах «ценявога флоту» ў акваторыі Чорнага мора.