BE RU EN

Стан Джо Байдэна значна пагоршыўся

  • 9.08.2026, 12:57

Сын палітыка распавёў падрабязнасці.

Стан былога прэзідэнта ЗША Джо Байдэна пагоршыўся. Рак прастаты распаўсюдзіўся на косткі і іншыя часткі цела.

Пра гэта сын экс-прэзідэнта ЗША Гантар Байдэн распавёў у інтэрв'ю BBC.

«Рак распаўсюдзіўся, даў метастазы ў косткі і далей. Гэта вельмі балюча. І гэта ва многіх адносінах моцна яго аслабляе. Але ён усё яшчэ трымаецца на нагах, ён усё яшчэ займаецца сваімі справамі. І ён так верыць у гэтую краіну», — распавёў Гантар Байдэн.

Ён не ўдакладніў, якія менавіта органы паражаныя, але назваў назіранне за ходам хваробы «вельмі сумным».

Пры гэтым, паводле яго слоў, Джо Байдэн рэдка скардзіцца на самаадчуванне.

«Адзінае, што я скажу пра тату і ягонае здароўе цяпер, — я хацеў бы, каб ён больш скардзіўся», — сказаў Гантар Байдэн.

Сын былога прэзідэнта адзначыў, што бацька і дасёння застаецца цэнтрам іх сям'і, і назваў яго найлепшым бацькам, мужам і дзедам.

Апошнія навіны