«Усё было мірна»: беларус распавёў, як з'ездзіў у Польшчу па таннае паліва
- 1.09.2026, 11:55
Што адбывалася на польскіх АЗС.
З 1 верасня ў Польшчы скончылася дзеянне паніжанай стаўкі ПДВ на аўтапаліва і абмежаваных максімальных цэн на запраўках. 31 жніўня, у апошні дзень, калі ў Польшчы дзейнічала часовая праграма зніжэння цэн на бензін і дызель, шмат хто паехаў запраўляцца. Беларус Максім (імя зменена) таксама пасля працы заехаў на запраўку ў Беластоку. Што адбывалася на АЗС і колькі часу давялося правесці ў чарзе, ён распавёў MOST.
Звычка запраўляцца перад падаражаннем выпрацавалася ў Максіма яшчэ да эміграцыі ў Польшчу.
— Калі ў Беларусі паліва даражэла на адну капейку, я заўсёды ехаў запраўляцца загадзя, каб хаця б крыху зэканоміць. Таму сёння (31 жніўня. — Рэд.) вырашыў зрабіць тое самае ў Польшчы. Калі заўтра літр стане прыкладна на адзін злоты даражэй, то на поўным баку ўжо можна зэканоміць на два кебабы, — смяецца Максім.
Сапраўды, на многіх запраўках ужо пасля поўначы цэны істотна выраслі. Напрыклад, літр 95-га бензіну падаражэў на адзін злоты. На 50 літрах эканомія для тых, хто запраўляўся днём раней, склала 50 злотых.
«Палякі таксама не грэбуюць запраўляцца танным палівам»
Па дарозе Максім заўважыў чэргі адразу на некалькіх запраўках. У выніку ён вырашыў даехаць да АЗС Auchan на вуліцы Hetmańska. Але і там аказалася нямала ахвотных скарыстацца апошнімі гадзінамі нізкіх цэн. У чарзе беларус правёў каля паўгадзіны.
— Я быў здзіўлены, убачыўшы вялікую чаргу аўтамабіляў з польскімі нумарамі. Высветлілася, што палякі таксама не грэбуюць запраўляцца танным палівам. Прычым людзі не проста запраўлялі поўны бак — некаторыя яшчэ налівалі паліва ў каністры, — распавядае Максім.
Найбольш яго здзівіла, наколькі спакойна ўсё адбывалася.
— Там фактычна ўтварыліся дзве чэргі да калонкаў, але ўсё было вельмі мірна. Ніякіх сварак, ніякіх драк. Людзі прапускалі адзін аднаго, усё вельмі ветліва.
Чаму паліва падаражэла з 1 верасня
Таннае паліва напрыканцы жніўня — не акцыя асобных сетак АЗС. З 17 па 31 жніўня ў Польшчы дзейнічала ўрадавая праграма CPN — Ceny Paliwa Niżej.
Адна з галоўных мер — часовое зніжэнне ПДВ на бензін, дызельнае паліва і некаторыя віды біапаліва з звычайных 23% да 8%. Гэта прадугледжана пастановай міністра фінансаў і эканомікі ад 13 жніўня 2026 года.
Акрамя таго, дзяржава абмежавала максімальныя рознічныя цэны на асноўныя віды паліва. На апошнія тры дні праграмы — з 29 па 31 жніўня — літр бензіну Pb95 не мог каштаваць даражэй за 6,64 злотага, Pb98 — 7,46 злотага, а дызельнага паліва — 7,31 злотага. З 1 верасня запраўкі зноў усталёўваюць цэны самастойна.
Калі ўрад запускаў жнівеньскую праграму, ён разлічваў, што зніжэнне ПДВ дазволіць змяншыць цану літара паліва прыкладна на 0,9–1 злоты і больш. Таму пасля адмены льготы цэны адкаціліся да ранейшых адзнак. Праўда, канчатковы кошт залежыць не толькі ад падатку, але і ад аптовых цэн, курсу злотага і нацэнкі канкрэтных сетак АЗС.
Праграма, што скончылася, была ўжо не першай у гэтым годзе. Папярэдні этап CPN дзейнічаў вясной і на пачатку лета, калі на фоне рэзкага росту сусветных цэн улады зніжалі не толькі ПДВ, але і акцыз. Тады акцыз на бензін паменшылі на 29 грошай за літр, а на дызель — на 28 грошай. У жніўні гэтую льготу ўжо не вярталі.